Якраз з таго боку пачуліся частыя стрэлы, нібы адразу затарахцела шмат кулямётаў. Вораг на фронце прыпыніў наступ.
— Вось бачыце! — крыкнуў Сурат. — Гэта нашыя пяць таварышоў так ваюць! Няўжо-ж мы ўсе ня справімся?
Гэты перапынак Сурат выкарыстаў, каб добра разьмясьціць таварышоў і замацаваць фронт. Адчуваўся недахоп кулямётаў. Цяпер, калі колькасьць ворагаў была большая, толькі лік кулямётаў мог даць перавагу. І Сурат пачаў скарачаць фронт, пасоўваць яго бліжэй да мора і загінаць яго, каб злучыцца з тымі таварышамі, якія засталіся ля пячоры.
Шалёная страляніна адтуль на некаторы час зьвязала ініцыятыву ворага і дала магчымасьць Сурату выканаць свой плян. Сам Сурат пабег у той бок.
Падышоўшы да аднаго кулямётнага гнязда, надзвычайна ўдала схованага сярод скал, ён убачыў там… Гейса! Ён быў адзін ля кулямёта і трымаў пад нясупынным абстрэлам падыход на поўкілёмэтра. А там далей было другое такое гняздо. Далей яшчэ тры.
— Гейс?! Якім чынам? — ускрыкнуў Сурат, ледзь не самлеўшы ад зьдзіўленьня.
— Потым будзем разважаць, — адказаў той, — а пакуль што прышлі чалавека на маё месца, а мы будзем далей рабіць такія гнёзды. Там сядзіць Салул, а далей яшчэ тры таварышы, а двое абслугоўваюць нас. Пакуль вораг ня ведае колькі нас, ён устрымліваецца, але доўга так цягнуцца ня можа.
Карабель, на гэты раз ужо крэйсэр, хадіў па моры ўзад і ўперад, наглядаў, але прымаць удзелу ня мог, бо нічога ня бачыў сярод скал і дрэў. Асабліва ў апошні час, калі па гуку было відаць, што фронт пераблытаўся.
Між тым вораг заўважыў, што між гэтай групай кулямётаў і фронтам на ўсходзе застаецца больш маўклівае месца. Сюды ён і падтрыхтаваў удар за час перапынку.
Праз поўгадзіны Сурат, Гейс, Салул і яшчэ з дзесяток таварышоў былі адрэзаны ад рэшты атраду…
Праз некалькі хвілін прыбег сюды Салул, даручыўшы свой кулямёт другому таварышу.
— Я ўжо зрабіў захады, каб у апошні момант пусьціць у паветра ўвесь наш склад, — хмура сказаў ён.
— Ну, што-ж? — паціскаў плячыма Гейс. — Калі нічога больш не застанецца рабіць…
Раптам далёка зьлева пачуліся новыя стрэлы. Часьцей, бліжэй… Патым стала відаць, як некаторыя з ворагаў завярнуліся ў той бок.
— Няўжо-ж нам дапамога? — няўпэўнена прамармытаў Сурат.
Салул і Гейс некаторы час маўчалі, пільна прыглядаючыся ў той бок. Нарэшце ўскрыкнулі абодва разам.
201