Старонка:Амок (1929).pdf/21

Старонка праверана

— Адпусьціць і заварочваць карабель: машынай паедзем задам! — дадаў Салул.

Цяпер ужо ўсе зразумелі, у чым справа, і з рогатам узяліся за працу.

Праз некалькі хвілін карабель ішоў заднім ходам туды, куды жадалі паўстанцы.

— Паставіць парусы!

І да машыны дадалася яшчэ сіла ветру.

Салул паціраў рукі, яго таварышы пакатваліся ад сьмеху. «Саардам» ішоў так, што лепей і ня трэба. Голяндцы на палубе ў бясьсільнай злосьці сьціскалі кулакі.

Каб зразумець, як гэта можна было так ашукаць ніжнюю каманду, трэба памятаць, што яны там не маглі бачыць, куды ідуць, бо, па-першае, наўкол было цёмна, а па-другое, ілюмінатары[1] былі вельмі нізка над вадой.

З поўгадзіны так ішлі. Вось ужо паказаўся і Кракатау.

Але там унізе, відаць, зразумелі ў чым справа, бо вельмі ўжо шпарка і гладка пашоў «Саардам». І яны далі пярэдні ход.

Зноў пачалося ўсё спачатку. Але ўсё-ж такі было выйграна кілёмэтраў 10-15.

Як-бы там ні было, але гэтая тузаніна заняла шмат часу. Да дня заставалася толькі чатыры гадзіны, а карабель ўсё яшчэ быў у Зондзкай пратоцы, так сказаць, на людзях.

Трэба было так або іначай канчаць.

Што-ж рабілася за гэты час там, пад палубай?

Мічман ван-Хорк быў вельмі задаволены. Усё ішло так, як ён хацеў. Яны пратузаюцца так усю ноч, а ўдзень іх заўважаць, паведамяць, куды трэба, і тады прыдзе вызваленьне. І ён, мічман ван-Хорк, адразу зробіцца сусьветным героем.

Супакоіліся і маракі. Усім здавалася, што іначай ня можа і быць, бо добра ведалі, што калі яны ня могуць высунуць галаву наверх, дык затое і тыя таксама ня могуць сунуцца ўніз.

Толькі боцман Гуз быў няўпэўнен у гэтым.

— Не, — казаў ён, — такія справы такім сьмехам не канчаюцца. Усё галоўнае яшчэ наперадзе.

— А што яны могуць зрабіць з намі? — з запалам сказаў мічман: — самае горшае, што можа быць, гэта тое, што мы і яны разам узьляцім у паветра.

— Ну, яны могуць зрабіць так, што мы адны ўзьляцім, а самі яны будуць на лодках.

— Лепш загінуць на сваім пасту, чымся заганіць гонар голяндца! — сказаў мічман, але адразу пачуў, нібы нейкі холад прабег па сьпіне. Разам з тым яго ахапіў жаль, што тады ўсё

  1. Маленькія круглыя ваконцы ў каютах.