Старонка:Амок (1929).pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, добра. Возьмем паўтары тысячы. На колькі кілёмэтраў?

— На пятнаццаць.

— А як нас цяпер каля 400 чалавек, дык мы можам перакінуць на 50-60 кілёмэтраў. Колькі вы лічыце адсюль да нашага «палацу» у Бантаме? — зьвярнуўся Гейс да Пуана.

— Каля 200 кілёмэтраў. Значыцца, праз 4 дні можна перакінуць туды 1000 вінтовак?

— Ну, не, браток, засьмяяўся Гейс. — Не забывайся, што для наладжваньня машыны кожны раз патрэбна будзе адзін, а то і два дні. Паглядзімо лепш спачатку, праз колькі дзён уся наша зброя апыніцца за 50 кілёмэтраў. 30000 вінтовак мы перакінем праз…

— 20 дзён, — падхапіў Салул.

— Так. Патроны, мусіць, таксама зоймуць 20.

— Калі ня болей, — дадаў Пуан, — бо на кожную вінтоўку прыпадае патронаў больш, чымся яна сама важыць.

— Ды яшчэ кулямёты, іншыя рэчы, калі хочаце, гармата, і, нарэшце, харчы.

— На шчасьце, ці на жаль, харчоў ужо малавата, — сказаў Сурат.

— Такім чынам, — разважаў далей Гейс, — усё наша багацьце мы перакінем за 50 кілёмэтраў…

— Праз 2 месяцы! — ускрыкнуў Салул.

— А к сабе дадому праз 8 месяцаў! — падхапіў Пуан.

— Не, праз год, ці паўтара, — спакойна вылічваў Гейс, — бо і машыну пераладжваць трэба будзе, і адпачынак патрэбны будзе, і спажыву даставаць.

— Вось табе і раз! — разьвёў рукамі Сурат. — За што-ж мы змагаліся?

— За тое, каб узяць сабе столькі, колькі ўдасца, а, рэшту зьнішчыць.

— Эх, як шкода! — пачухаў патыліцу Пуан.

— Нічога ня зробіш. Лепш узяць мінімум і гнаць яго аж да самага Бантаму, чымся рызыкаваць усёй справай. Рэшту будзем абараняць, пакуль можна будзе, а там паглядзім. Я прапаную ў дзень перакідваць 1000 вінтовак і належную колькасьць прыпасаў да іх. Праз чатыры дні гнаць іх далей, а тым часам тут затрымліваць ворага.

— Каб ня гэты здраднік Гоно, можа ўся зброя ляжала-б тут спакойна, — з прыкрасьцю сказаў Салул.

— Цяпер ужо няма чаго аб гэтым казаць. Добра будзе, калі мы будзем мець і 4000 вінтовак з патронамі, ды дзесятак-другі кулямётаў.

Зараз-жа, пачалі рыхтаваць «машыну».

 

204