Старонка:Амок (1929).pdf/211

Гэта старонка не была вычытаная

Тымчасам выявілася, што ў бойцы забіта 14 інсургентаў ды 23 паранена. Ворагаў пакуль што знашлі 22 забітых ды 17 параненых.

Наогул-жа ж, калі прыступілі да справы, дык выявілася, што ланцуг нельга будзе зрабіць даўжэй за 40 кілёмэтраў.

Затое ўмацавалі кулямётамі ўсё ваколіцы! Пятнаццаць таварышоў, у тым ліку Гейс і Салул, павінны былі затрымліваць ворага гэтымі кулямётамі. У апошнюю хвіліну папсаваўшы іх, яны павінны былі адбегчы назад, дзе была другая лінія кулямётаў. За ёй трэцяя. Нарэшце, падарваць зброю і зьнікнуць.

Паміж працай Салул і Гейс расказалі, як яны апынуліся тут.

— Самымі жудаснымі былі апошнія хвіліны ў пячоры, — казалі яны, апісаўшы ўсе папярэднія, вядомыя нам падзеі. — Вада ўсё прыбывала, а побач мы чулі нашых таварышоў. У той час, калі, здавалася, ня было аніякай надзеі, вада прыпынілася, а потым пашла на спад. Тады мы сталі адзін аднаму на плечы і пачалі калупаць наверсе дзірку. Зямля была рыхлая, і мы вылезьлі на сьвет.

— Дык вось яны, тыя таемныя стрэлы, якія мы чулі некалькі разоў! — прамовіў Сурат, успомніўшы ранейшае невядомае «гарматнае» буханьне.

Дадамо ад сябе, што пячора гэта зьяўлялася непасрэдным працягам «зьмяінай» пячоры, дзе была складзена зброя. Калісьці яны абедзьве складалі адну пячору, якая ўтварылася з вульканічнай лявы. Лява гэтая зьверху застыла, зацьвярдзела, пакрылася нібы карой, а ў сярэдзіне тымчасам яна была яшчэ жыдкая і выцякала, быццам па трубе. Нарэшце, і стварылася цудоўнае «шкляное» падзямельле. А потым па сярэдзіне гэтая труба, правалілася, засыпалася, і зрабіліся дзьве пячоры.

Праз дзень зноў зьявіўся мінаносец, але ён цяпер ўжо ня зьбіраўся ваяваць, а толькі езьдзіў ўзад і ўперад уздоўж берагу.

— Пільнаваць бераг прыехаў, — казалі інсургенты і яшчэ шпарчэй пусьцілі сваю «машыну».

— Значыцца, хутка будзе і войска, — сказаў Гейс.

Прайшло чатыры дні, было перакінута ўжо 4000 вінтовак, 20 кулямётаў і належная колькасьць патронаў, а войска не зьяўлялася.

— Ці ня выкарыстаць гэты час і ня ўзяць яшчэ болей зброі? — сказаў Пуан, якога ўзяла спакуса набраць як мага болей.

Але Салул і Гейс рашуча пачалі супярэчыць.

— Не забывайцеся, колькі пройдзе часу, пакуль вы і гэтую зброю перацягнеце на месца. Лепш мы гэты час выкарыстаем, каб адарвацца ад іх. А то, калі яны пачнуць насядаць і ісьці ўвесь час сьледам за намі, дык дойдуць па нашых сьлядох аж да самага нашага

прытулку. А калі мы зьнішчым і аброю, і зьнікнем самі, дык яны могуць падумаць, што справа ліквідавана і можа супакояцца.

 

205