Старонка:Амок (1929).pdf/215

Гэта старонка не была вычытаная

пачаў расказваць, што быў і ў Батавіі, і ў Суракарце, і ў Бантаме, шмат чаго бачыў, самае-ж галоўнае, людзей, якія ня хочуць цярпець уціску і ідуць змагацца за лепшую долю для ўсяго народу.

— Шмат такіх людзей ёсьць. Нават адзін белы пашоў на наш бок. І зброя ёсьць. Хутка прыдзе час, калі прагоняць белых уладароў. Нават на нашага рэгента можна будзе тады ўправу знайсьці. І Більбо прагонім, і ўсю зямлю вернем сабе. Трэба толькі, каб усе разам падняліся, калі прыдзе рашучы момант.

Людзі слухалі гэтыя словы з жахам. Як гэта адважыцца пайсьці супроць улады, супроць Більбо? Яму-ж прыдуць на дапамогу войска, жандары.

Але ўпэўнены тон Нонга, яго грунтоўныя довады рабілі сваю справу, і паступова людзям стала здавацца, што справа не такая ўжо безнадзейная, што сапраўды магчыма гэта зрабіць.

Увечары Нонг выканаў сваё даручэньне і выехаў у Батавію.

Цяжка было знайсьці яму тое месца і дом, куды яму трэба было зьвярнуцца. Яму ўсё здавалася, што ўсе людзі асаблівую ўвагу зварачаюць на яго кошык. А калі прыходзілася ісьці міма паліцэйскага, дык ён аж ня дыхаў. Каб ён трапіў на вочы добраму выведніку, дык той адразу пазнаў-бы яго. Але Нонг усё яшчэ меў выгляд прасьцецкага сялянскага хлапца, упяршыню трапіўшага ў горад, і гэта памагала яму больш, чымся ўсе яго хітрыкі.

Нарэшце, ён дабраўся да месца. Падышоў да хаты з аднаго, з другога боку — нікога ня відаць. Стукнуў у дзьверы, — ніхто не адказвае.

З суседняй хаты вышла жанчына.

— Ці тут жыве Сукравата? — нясьмела запытаўся Нонг.

Тая зірнула на яго неяк падазрона, і Нонгу зноў здалося, быццам яна аглядае яго кошык.

— Няма яго, — коратка адказала яна.

— Але жыве ён тут?

— Не, — неяк крыва ўсьміхнулася яна, — цяпер ён жыве зусім у іншым месцы.

— Можа, часам, ведаеце дзе?

Жанчына прыпынілася, аглядзела яго з ног да галавы.

— У турме! — кінула яна і пашла далей.

Гэты адказ, нібы абухам, стукнуў яго па галаве.

Болей ён нікога ня ведаў ва ўсім горадзе! Куды цяпер зьвярнуцца? Куды дзець тое, што было ў кошыку? Ды і наогул, што далей рабіць?

Такога становішча, мусіць, не прадбачылі і Гейс з Салулам. Хоць яны і давяралі Нонгу, але не хацелі яму, як навічку, даваць больш адрасоў і імёнаў. Гэта было-б рызыкоўна.

Нонг завярнуўся і ціхенька пашоў назад.

 

209