Старонка:Амок (1929).pdf/218

Гэта старонка не была вычытаная

— А ты ня ведаеш? — зьдзівіўся той.

— Я ня тутэйшы, першы раз тут.

— Мы прапуем на гэтым заводзе і чакаем раніцы, каб стаць на работу.

— Навошта-ж так? — зьдзівіўся ў сваю чаргу Нонг.

— Ды нас кожны дзень разьлічваюць, а назаўтра наймаюць, як новых. А як жадаючых працы больш, чымся трэба, дык вось і прыходзіцца станавіцца ў чаргу.

— Навошта-ж яны так робяць?

— А што ім абыходзіць? — уздыхнуў рабочы. — Мусіць, гэта робіцца затым, каб рабочыя не маглі скласьці сталага колектыву, каб разьяднаць іх, каб змарыць іх канчаткова, каб дзень і ноч трымаць іх у сваіх руках. Пачакайце-ж, праклятыя, прыдзе і на вашу галаву кара! — скончыў ён, бліснуўшы вачыма.

Нонг убачыў, што такога чалавека сьцерагчыся ня прыходзіцца і адразу адкрыў яму сваю справу.

— Вось тут у мяне проклямацыі. Трэба іх распаўсюдзіць, а я нікога тут ня ведаю. Памажэце мне.

Рабочы паглядзеў на яго так, нібы сам жандар зьявіўся перад ім.

— Ну, браток, з такімі прапановамі пад’яжджай да каго-небудзь іншага, — сказаў ён, усьміхнуўшыся.

— Далібог, праўду кажу! — сказаў Нонг. — Вось зірні, яны тут.

Але рабочы і глядзець не хацеў.

— Ты не даеш веры? — з палам шаптаў Нонг. — Ты можа думаеш, што я наўмысьля падасланы паліцыяй? Кажу-ж табе, мяне прыслалі з Суракарты ў Батавію, да таварыша Сукраваты…

Рабочы, пачуўшы гэта імя, уздрыгануўся і ўтаропіўся на Нонга.

— Ну, і што-ж?

— Сукраваты няма дома. Суседка сказала, што ён арыштаваны. А болей я нікога тут ня ведаю.

— А хто цябе паслаў?

— Салул і Гейс. Ты, мусіць, іх ня ведаеш. Яны захапілі зброю…

Але рабочы ўсё ведаў, нават больш, чымся сам Нонг. Калі ён выслухаў Нонга, дык пераканаўся, што той гаворыць праўду. Ён паклаў сваю руку Нонгу на плячо і сказаў:

— Добра, што ты натрапіў на мяне, а то мог-бы і сам папасьціся і ўсім бяды нарабіць. Сьцеражыся выказваць імёны. Бо калі даведаюцца, што ты ведаеш такія імёны, дык гарачым жалезам выпытаюць ад цябе аб іх. У нас тут вельмі трывожна. Некалькі сот таварышоў арыштаваны, у тым ліку ўсе старэйшыя главары, як

Сукравата. Асабліва пашкодзіў выбух у палацу генэрал-губарнатара. Пачаўся такі вышук, рэпрэсіі, што ўсім дасталося, вінаватым і невінаватым. А потым яшчэ чуткі, што на поўдні нешта робіцца. У зьвязку з арыштамі кожны дзень можна чакаць сур’ёзных падзей. Ужо немагчыма стрымаць гнеў рабочых. Моладзь патрабуе,

 

212