Старонка:Амок (1929).pdf/221

Гэта старонка не была вычытаная

Каб прасачыць уважлівей, дык можна было-б заўважыць, што накіроўваюцца яны па двух напрамках: да цэнтру гораду і да брамы з галавой Пітэра Эльбэрвэльда.

Вось на рагу дзьвюх вуліц прычапіўся да трох чалавек паліцэйскі. Але спрэчкі былі нядоўгія: праз момант труп паліцэйскага ляжаў за суседняй брамай, а навакол было таксама ціха, як і раней…

Паліцэйскі ля пошты заўважыў, што ў суседні сад, крадучыся, праскочылі некалькі чалавек. Ён сабраўся пацікавіцца імі, але ў вушах яго зазьвінела, і ён страціў прытомнасьць. Ачуняць яму ўжо ніколі не давялося…


∗     ∗

У памяшканьні пошты, тэлеграфу і тэлефону цішыня. Ляскаюць неяк бяз сэнсу апараты. Ледзь варушацца сонныя дзяжурныя.

Зазьвінеў тэлефон.

— Цэнтральная, — адказвае тэлефоністка-мэтыска і чуе ўсхваляваны голас:

— Злучэце хутчэй з генэрал-губарнатарам. Гавораць з турмы. Але злучыць яна не пасьпела.

Раптам шум, грукат, расчыніліся дзьверы.

— Ня рухацца! — загрымеў зычны голас.

Памяшканьне зараз-жа напоўнілася ўзброенымі людзьмі.

— Не палохайцеся, таварышы! — ужо мякка сказаў той-жа голас. — Народ сам прышоў гаспадарыць у сваёй установе.

І служачыя-тубыльцы не спалохаліся. Толькі моцнае, незнаёмае хваляваньне ахапіла іх…


∗     ∗

Але ля турмы тымчасам ішла страляніна. Уварвацца адразу не ўдалося. Прышлося абстрэльваць з усіх бакоў. Тут былі і Нонг з Данам.

Стрэлы турэмнай варты зьмешваліся з шумам і крыкамі вязьняў. Начальнік, як шалёны, насіўся з канца ў канец, рэвольвэрам падбадзёрваючы сваю ненадзейную абарону.

— Браму, браму, ламеце! — чулася знадворку.

Дан першы ўхапіў вялізны камень і кінуўся да брамы. Нонг бачыў гэта і толькі дзівіўся, адкуль у гэтага хворага чалавека зьявілася такая моц. З страшэнным грукатам трэснуўся камень аб браму: зазьвінела, застагнала жалезная брама, а Дан зваліўся на зямлю. Падбег Нонг да яго, падняў за плечы, але таму ўжо непатрэбна была аніякая дапамога: куля трапіла якраз у галаву.

Падхапіў Нонг Данаў камень, але кінуць не пасьпеў: неспадзявана пачуліся стрэлы ззаду.

 

215