Старонка:Амок (1929).pdf/224

Гэта старонка не была вычытаная

назад у Батавію, каб прыняць удзел у рашучай бойцы. Другія супярэчылі, кажучы, што 20 чалавек ня вырашаць лёсу Батавіі, а тымчасам там, далей, як узброены асяродак, яны могуць узьняць усіх і зрабіць больш карысьці.

У ліку апошніх быў і Нонг. Ён запаліўся справай, страціў сваю саромлівасьць, нават аднекуль зьявілася красамоўства.

— Там, на поўдні, у Бантаме, — казаў ён, — ёсьць шмат зброі, ёсьць нават наша добрае войска. Я сам бачыў. Яно вырашыць наш лёс. Пойдзем насустрач, падрыхтуем яму дапамогу па дарозе.

І ён расказаў аба ўсім тым, што бачыў і ў якіх падзеях прымаў удзел. Таварышы, пачуўшы, што гэты ціхі хлапец, меў дачыненьне да такіх падзей і асоб, прасякнуліся да яго пашанай.

Тымчасам пачало сьвітаць. Выступілі на кругавідзе горы. Вось бліснулі іх верхавіны.

У гэты час прыбеглі з Батавіі два таварышы і паведамілі, што пошта ўзята і захоплена 49 чалавек… Паўстанцы адстрэльваюцца ў розных мясцох гораду. Нельга спадзявацца, каб ім цяпер удалося дасягнуць якога-небудзь значнага посьпеху без дапамогі збоку. А ці можна спадзявацца на гэтую дапамогу?

— У раёне Батавіі ўзброенай сілы ў нас болей няма, — сказаў Гуран.

— Значыцца, трэба пакінуць Батавію, — падхапіў Нонг, — ісьці на поўдзень, дзе зьбярэцца вялікая ўзброеная сіла.

З гэтым павінны былі ўсе згадзіцца.

Перад паходам парашылі адыйсьці ўбок і гадзіны са дзьве адпачыць.

Праз гадзіну ў атрад прывялі голяндзкую сям’ю, якая ўцякала ў Батавію з свайго маёнтку.

Паважны мінгер, тоўстая мэфрау[1] і двое дзяцей 8-10 год трэсьліся, чакаючы сьмерці.

— Бярэце ўсё, толькі не забівайце, — прасіўся голяндзец.

— Сваё дабро мы і самі возьмем, — адказалі яму. — А забіваць вас для нас няма карысьці. Ідзеце сабе па рэйках у Батавію.

Сямейка пацягнулася, боязна азіраючыся па бакох, а паўстанцам, апрача розных рэчаў, засталося двое коняй і рэвольвэр.

Неўзабаве заўважылі, што з Батавіі ідзе цягнік. Ён спыніўся ля разбуранай чыгункі, і з вагонаў высыпалі салдаты.

Атрад палічыў за лепшае адыйсьці далей. Усюды сустракалі іх як братоў, а салдаты ззаду ні ад каго не маглі даведацца, што наперадзе іх ёсьць атрад. Але падышла голяндзкая сям’я і сказала, што іх абрабавалі ўзброеныя людзі.

Частка салдат засталася папраўляць дарогу і тэлеграф, а чалавек

30 накіраваліся наперад.

  1. Мэфрау — пані.
 

218