Старонка:Амок (1929).pdf/228

Гэта старонка не была вычытаная

атрады». Носіцца смуглы Сэлім, таксама ў белай чалме і белым халаце, на вараным кані, з шабляй на поясе і кліча народ ад імя Аллаха на рашучую бойку з чужынцамі, за веру сьвятую, за незалежнасьць Явы, за адраджэньне ранейшай Явайскай дзяржавы. Слухае народ высокія палкія словы, і запальваюцца сэрцы, палаюць вочы, сьціскаюцца кулакі.

Сьвядомыя рабочыя ўсьміхаюцца, слухаючы, «сьвятыя» прамовы і мэты, але такіх рабочых вельмі мала, яны тануць у моры цёмнага народу, і ня час цяпер спрачацца аб мэтах. Пакуль што, мэта адзіная ва ўсіх: скінуць уладу чужынцаў.

Урадавыя атрады знаходзяцца ў Бантаме ў такім самым становішчы, у якім быў атрад Гурана ў раёне Батавіі. Яны хаваюцца, уцякаюць і думаюць толькі аб тым, каб выратавацца самім. Не адна сотня салдат перайшла на бок народу. А паліцыя пераходзіла яшчэ ахватней.

Толькі тры вастравы захаваліся сярод гэтага грознага мора: горад Бантам, Тэнанг ды Лябуан. Жыхары паўцякалі з іх, але салдаты ўтрымаліся і адбілі некалькі атак паўстанцаў. Усё гэта пачалося тады, калі Пуан з сваім атрадам даставіў на месца толькі частку зброі…

Калі да яго дайшла вестка аб паўстаньні спачатку ў Батавіі, а потым у Бантаме, ён забегаў узад і ўперад, нібы ранены зьвер.

— Якая прыкрасьць! Хоць-бы тыдзень-два пачакалі-б! А цяпер што-ж рабіць?

Ён адправіў пасланцоў да Салула і Гэйса, а сам захапіўшы зброі, колькі мог, кінуўся на Тэнанг.

На ўсё гэта пашло некалькі дзён. Калі ён падышоў да Тэнангу, дык з другога боку да яго набліжаўся атрад урадавага войска ў 500 чалавек.

Трэба было не дапусьціць іх да Тэнангу. У Пуана было каля 400 чалавек, але палову з іх трэба было пакінуць ля гораду, каб затрымаць гарнізон.

Прышлося выступіць супроць атраду толькі з паловай людзей. Але Пуан меў з сабой яшчэ тысячу запасных вінтовак і спадзяваўся ўзброіць імі насельніцтва. Сотня чалавек хутка сабралася, а для далейшага патрэбен быў час.

Атрады сустрэліся за 10 кілёмэтраў ад Тэнангу. Заляглі. Пачалася перастрэлка. Голяндзкі камандзір хацеў весьці сваё войска ў атаку, але тубыльцы-салдаты ня вельмі імкнуліся да гэтага і ахвотна зноў паляглі, калі з боку інсургентаў затарахцеў кулямёт.

Праз гадзіны дзьве збоку зьявіўся на дапамогу «белы» атрад з сотні чалавек. Урадаваму атраду прышлося адстрэльвацца на два фронты. Пуан зараз-жа задумаў выкарыстаць такое становішча і перайсьці ў наступ. Але ўсё-ж такі рызыкоўна было кідацца з

 

222