Старонка:Амок (1929).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

Не пасьпеў Гейс разабрацца ў становішчы, як убачыў, што ўвесь пасёлак у руках ворага. Адна парква, нібы востраў, заставалася сярод варожага мора. З Гейсам, апрача Нонга, засталіся яшчэ два партызаны.

— Разьвітаемся, таварышы, — сказаў бляды Гейс і неяк крыва ўсьміхнуўся.

— Пачакайце крыху! Страляйце далей! — крыкнуў Нонг і пабег уніз.

Ён выламаў па дарозе некалькі дошчак, падбег да ямы са зьмеямі, апусьціў туды дошкі адным канцом і вярнуўся назад.

— Цяпер сачэце і падрыхтуйцеся да спуску, — сказаў ён.

Грукат страляніны, выбухі знарадаў, уздрыгі сьцен так разьюшылі зьмеяў, што яны, як шалёныя, кінуліся на двор і пакаціліся клубкамі. А ўбачыўшы там тых стварэньняў, якія ўсё гэта нарабілі, — зьмеі, не памятаючы сябе, кінуліся на іх.

Салдаты ня толькі ня мелі часу абараняцца, але ад жаху пакідалі зброю і з нечалавечымі крыкамі пабеглі, хто куды. Адразу сьціхла страляніна, ніхто нічога ня бачыў, апрача зьмеяў. І Гейс з таварышамі мелі досыць часу, каб пачакаць, пакуль «фронт» адсунецца, знайсьці адпаведнае месца, спусьціцца і ўцячы…

................

Але ня толькі гэты штурм падрыхтоўвала голяндзкае камандаваньне за гэты час. Шмат войска рознымі шляхамі было накірована ў горы, у тыл паўстанцам. У працягу месяца ішло «паляваньне» на інсургентаў, якія ўцяклі у горы. Цяжка было іх тут злавіць, але ўсё-ж такі шмат з іх папала ў рукі ворагаў.


XI. НІЗКІ АХВЯР.

Нічога не абыходзіць акіяну. Не зьвяртае ён увагі на калатню людзкую. І калі толькі вецер яго ня дражніць, ён весела гарыць на сонцы і пяшчотна нясе на сваім карку караблі, не зважаючы на тое, што яны вязуць.

І каманда карабля «Дандэльс», які накіроўваўся на востраў Новую Гвінэю ўздоўж паўднёвага берагу Явы, — цешылася добрым надвор’ем і адчувала сябе вельмі добра.

Але некаторыя ўсё-ж такі былі сумныя, нібы нейкая згрызота мучыла іх. Часам два матросы-тубыльцы, боязна азіраючыся, перакідваліся сумнымі словамі. Часам той ці іншы, азірнуўшыся, спускаліся ўніз.

А там ўнізе былі «складзены нізкі паўстанцаў». Сапраўды «нізкі», бо яны былі скованы ланцугамі па дзесяць чалавек разам.

 

228