Старонка:Амок (1929).pdf/25

Старонка праверана

— Альлё, — зноў пачуўся грозны голас: — ваш адказ?

Мічман спыніўся на паўслове і зьбялеў, як палатно. — Што будзе, калі яны ня згодзяцца здацца?! — неяк мімаволі мільганула ў яго галаве.

— Мы здаемся — адказаў Гейс, і ў мічмана разам адлягло ад сэрца. Нейкая гарачая хваля прыліла к горлу, вобраз сонца, зямлі паўстаў перад ім; ён нават зусім не заўважыў, хто даў адказ.

Тады ён адшпіліў корцік (кінжал), рэвольвэр, кінуў іх прэч ад сябе і горда сказаў:

— Калі вы ўсе так парашылі, я прымушан пакарыцца гвалту. Я зрабіў усё, што мог.

Тымчасам зьверху далі загад:

— Выходзіць па аднаму з паднятымі ўгору рукамі!

Пачалі выходзіць, — адны з радасьцю, другія з жудасьцю: мічман з чырвоным ад сораму тварам, але з лёгкім сэрцам; а Гейс вышаў, апусьціўшы галаву і стараючыся не глядзець у вочы, асабліва Салулу.

Калі каманда «Саардаму» сабралася ўся разам, Салул сказаў:

— Мы вас высадзім на Кракатау і пакінем вам спажывы на тры дні. За гэты час, напэўна, вас хто-небудзь заўважыць. А цяпер, — пачаў Салул ужо на малайскай мове, — зьвяртаюся да вас, браты, да вас, сыны нашай зямлі, нашага народу. Вы абдураны, вы напалоханы магутнасьцю белых, вы верай і праўдай служыце сваім гаспадаром, абараняеце іх і іхную нарабаваную маемасьць; з вашаю дапамогаю яны трымаюць у пакорнасьці вашых бацькоў і сясьцёр. Мы ведаем, што вы яшчэ несьвядомыя, але і сярод вас ёсьць досыць людзей, якія разумеюць і адчуваюць, якую агідную працу яны робяць. Дык вось тыя, якія гэта разумеюць, хай ідуць да нас, каб паслужыць народу.

Не пасьпеў ён скончыць, як Сагур і за ім яшчэ 7 чалавек выступілі наперад і ў радасным гомане зьліліся са сваімі. Тыя, што засталіся, нерашуча тупаліся на месцы, раіліся адзін з адным і ня ведалі, што рабіць.

Праз некаторы час вышлі яшчэ 5 чалавек, а яшчэ праз хвіліну вышаў… Гоно!

— І ты?! — разам ускрыкнулі Сагур, Барас і іншыя.

Гоно выступіў наперад, стукнуў сябе кулаком у грудзі і зычным голасам сказаў:

— Так, я! Вас гэта дзівіць? Бо вы ня ведаеце Гоно. Мяне надойчы папракнулі, быццам я чужы, быццам я ня сын свайго народу. Вось цяпер я хачу паказаць, што Гоно зусім не такі, якім вы сабе ўяўляеце яго.

— Ці абдумаў ты, што ідзеш на сьмерць? — запытаўся Салул.

— Добра абдумаў. Ва ўсякім разе я рызыкую ня больш ад вас усіх. А губіць мне няма чаго, апрача майго паганага жыцьця.