Старонка:Амок (1929).pdf/26

Старонка праверана

Гэтыя шчырыя словы зрабілі ўражаньне нават на Сагура.

— Хто ведае — падумаў ён: — можа з яго і сапраўды выйдзе добры таварыш? Бываюць такія вялікія моманты, калі чалавек зусім зьмяняецца. А гэты момант досыць вялікі.

Нарэшце, з голяндцамі засталося 9 чалавек верных тубыльцаў. Відаць было, што адчувалі яны сябе ня зусім добра: туліліся ў куток, хаваліся, не глядзелі ў гэты бок.

Тымчасам ішла падрыхтоўка да ад’езду. «Саардам» падышоў да Кракатау. Пачалі грузіць лодкі. Вось ужо сталі спускаць іх.

У гэты момант яшчэ адзін чалавек сказаў Салулу:

— І я з вамі!

Крык зьдзіўленьня з аднаго боку і абурэньня з другога — вырваўся з усіх 120 грудзей.

Чалавек гэты быў… белы, голяндзец!

— Гейс?! Божа! Які сорам! — загаманілі голяндцы.

— Што гэта такое? Ці не памылка, жарт або ашуканства? — казалі явайцы.

Салул падышоў да голяндца, абняў яго, пацалаваў і, зьвярнуўшыся да сваіх, сказаў:

— Таварышы! Я ведаю гэтага чалавека, хоць ён і белы, але наш, г. зн. усіх прыгнечаных. Мы тут ніколі ня бачылі такіх, а там, ў далёкай Эўропе, ёсьць шмат іх. Ёсьць нават магутная дзяржава, дзе жыве шмат мільёнаў нашых белых братоў.

— Ленін! Савет! Расія! — пачалі хваліцца сваімі ведамі малайцы.

— Ну, вось бачыце, і вы чулі! — засьмяяўся Салул, а Гейс на ламанай малайскай мове дадаў:

— Ёсьць і голяндцы шмат ёсьць!

— Хай жывуць такія голяндцы! — загрымелі галасы.

Гейс быў у Голяндыі звычайным рабочым, рэволюцыянэрам, і нават некаторы час быў у комуністычнай партыі. Цяжкія і складаныя сямейныя абставіны і матар’яльныя ўмовы перашкаджалі яго рэволюцыйнай працы, і ён мэханічна выбыў з партыі.

Потым ён трапіў на Яву і неспадзявана для сябе самога сам зрабіўся «панам», бо сярод голяндцаў на Яве няма аніводнага простага чалавека: адны толькі паны. На кожным кроку яму была пашана з боку тубыльцаў, аніякай крыўды ён ня меў з боку сваіх голяндцаў. І ён паступова пачаў супакойвацца і забывацца аб сваёй рэволюцыйнасьці.

Да тубыльцаў ён быў вельмі добрым, нікога ня крыўдзіў, чым мог — стараўся памагчы, і гэта супакойвала яго сумленьне. Яму пачало здавацца, што ў гэтай краіне, дзе ня трэба ні апалу, ні адзеньня, дзе прырода такая багатая, — усім тубыльцам лёгка жывецца, лепш, чымся рабочым у Голяндыі. Тутака ён сам не

 

24