Старонка:Амок (1929).pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

ІІ. ПАВАЖАНЫ ПРАДСТАЎНІК ПАВАЖАНАЙ ФІРМЫ ВАН-БРОМ І К° Ў АМСТЭРДАМЕ

Мінгер ван-Дрэкер і мінгер Піп. — Старанны капялюш — Батавія. — Мітынг на рынку. — Пракляты чэрап і сьвятая хвіга. — Кій мае два канцы.

Ледзь золак, карабель «Глёрыя» з Сінгапуру падыходзіў да гавані Прыорк. Пасажыры замітусіліся, пачалі рыхтавацца да высадкі. І якога толькі народу тут ня было! Як у біблейскім каўчэзе: сухашчавы ганаровы ангелец, ня менш важны араб у чалме, жвавы француз, зморшчаны кітаец, задуменны індус, складны малаец і г. д., і г. д. Было і некалькі голяндзкіх сем’яў, якія зьвярталіся з водпуску.

Дарога ў Голяндыю займае прыблізна месяц, ды назад столькі-ж. Дзеля гэтага служачыя атрымліваюць водпуск у мэтрополію на цэлы год, але затое адзін раз у 10 год. Аднак, шмат голяндцаў нават зусім не карыстаюцца гэтым водпускам і сядзяць па гадоў 20-30. Вельмі ўжо ім тут добра жывецца сярод падняволеных.

Карабель ужо быў недалёка ад берагу, але там нічога ня было відаць, нават сам бераг ледзь высоўваўся з вады. Толькі далёка на небасхіле відаць былі два вульканы — Салака і Гэдэ.

— Няўжо-ж гэта Ява? — зьдзівіўся адзін з пасажыраў, які, відаць, першы раз пад’яжджаў да Явы.

— А то што-ж? — адказалі бывалыя.

— Тут-жа ж нічога ня відаць. Я спадзяваўся ўбачыць горы пальмы, пекны горад, а тут, відаць, адно балота.

— Гэта ёсьць толькі гавань Прыорк, а сама Батавія ляжыць за дзесяць кілёмэтраў ад яе.

Пасажыр узяў бінокль і пачаў прыглядацца да берагу. Разгляд, відаць, не задаволіў яго, бо ён так скрывіў твар, што стаяўшы побач пан усьміхнуўся і суцешыў яго:

— Не бядуйце, усё будзе: і пальмы, і трасца, і гарачыня, усё, што належыць.

— А тыгры і насарогі ёсьць? — жвава запытаўся першы пасажыр.

— Ну, гэтага вам баяцца няма чаго.

— Выбачайце, я не баюся, наадварот, жадаю сустрэцца з імі, — важна адказаў першы пасажыр.

Пан зьдзіўлена паглядзеў на яго, нібы думаючы: «вось ты які?» І сапраўды, той быў крыху асаблівы чалавек. Звалі яго Піп; ён быў гадоў трыццаці і меў нейкі вылінялы выгляд: даўгі, худы, бляды, з блакітнымі вачыма і сьветлымі валасамі. Здавалася, што ён увесь свой век прасядзеў недзе ў склепе, а цяперака ўпяршыню вылез на сонца. Наогул, ён выглядаў вельмі спакойным чалавекам, але ўбраны быў так, быццам зараз-жа яму пагражалі