Старонка:Амок (1929).pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

было паказаць яшчэ «права на ўезд»: як мага болей грошай, асабліва гэта патрабавалася ад эўропэйцаў.

Бачыце, усе белыя тут — паны, і павінны быць панамі, хоць трэсьні! Калі падуладныя тубыльцы даведаюцца і ўбачаць, што белыя таксама могуць гараваць, дык яны перастануць шанаваць і баяцца голяндцаў. А гэта вельмі небясьпечна.

Зразумела, што ў першую чаргу прапусьцілі белых.

Вось наперадзе падняўся шум і спрэчкі. Адзін небарака прывёз замала грошай, і яго затрымалі, каб з наступным параходам адправіць назад.

— Я-ж магу працаваць! Я-ж ня буду сядзець ні на чыім карку! — Апраўдваўся бядак, але яго нават і слухаць не хацелі. І то праўда; ці-ж могуць голяндцы рызыкаваць сваім аўторытэтам з-за якогась там бедняка.

Дашоў чарод да нашага пана. Ён падаў дакуманты.

«Ван-Дрэкер, прадстаўнік фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме», — прачытаў чыноўнік. З-за яго сьпіны сунуў таксама нос у дакумант і нейкі тып, відаць, шпег.

Але тымчасам ван-Дрэкер паказваў ужо «права на ўезд», — досыць значны зьвязак гульдэнаў. Чыноўнік адразу выказаў надзвычайную пашану, а шпег адразу перастаў цікавіцца дакумантам.

На вагзале, прымаючы ад ван-Дрэкера плату, капялюш сказаў:

— Калі туан дазволіць, я правяду туана да самага готэлю «Ява».

— Добра, — сказаў паважна ван-Дрэкер і сеў у вагон I клясы, а насільшчык пабег у III клясу.

Ад Прыорка да Батавіі ідуць некалькі каналаў, шаша, чыгунка і трамвай! Бязупынны рух ішоў і па каналах, і па шашы.

Але краявід быў зусім няцікавы, нудны. Затопленая нізіна, хмызьняк, нізенькія пальмы, падобныя да нашай папараці, купы бамбуку, дзе-ні-дзе банан з аграмаднымі лістамі, якія віселі па бакох, нібы рызьзё. Толькі какосавыя пальмы, вылятаўшыя з зямлі, як ракеты, ды гарачае вільготнае паветра, — прычына злоснай малярыі, — падкрэсьлівалі, што тут гарачая краіна.

Вось паказалася і сама Батавія, але зноў нічога цікавага. Мясцовасьць бадай што не павысілася, — тыя-ж каналы па вуліцах, толькі бруднейшыя, а ў іх мыюць бялізну ды купаюцца цэлыя сем’і малайцаў і кітайцаў.

Нездарма голяндцы ўцяклі адсюль і пасяліліся за некалькі кілёмэтраў далей, вышэй. З таго часу гэтая частка завецца Старой Батавіяй, а тэй далі назву Вэльтэврэдэн, што азначае прыблізна «добрае самапачуцьцё».

Там, сярод пышных садоў, у мармуровых палацах, яны сапраўды добра сябе адчувалі, а тут засталіся каляровыя, якія абслугоўвалі магазыны, канторы, фабрыкі, майстэрні і г. д.