Старонка:Амок (1929).pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

Тугай уздрыгануўся, падазрона зірнуў наўкола, але, заўважыўшы, што гаварылі так сабе, без асаблівага сэнсу, — супакоіўся і адказаў:

— О, мудры туан! Бэсар туан!

Сярэдзіна дню ў Батавіі зьяўляецца такім часам, калі на вуліцы ня ўбачыш аніводнага эўропэйца. Сонца стаіць над самай галавой і пячэ, так, што толькі якая-небудзь надзвычайная патрэба можа прымусіць эўропэйца выйсьці на вуліцу.

Але выбачайце: я сказаў «выйсьці». Гэта няверна; голяндцы ніколі ня ходзяць, яны толькі езьдзяць. Іх стан не дазваляе ім хадзіць, як звычайным людзям; яны павінны на кожным кроку паказваць, што яны паны.

А ў поўдзень яны нават і ня езьдзяць, а ці дрэмлюць у сваіх канторах, ці ляжаць у сябе на вэрандзе або ў садзе, у крэслах-калысках, задраўшы дагары босы ногі і папіваючы што-небудзь халоднае.

Праўда, ёсьць і такія, якім у гэты час прыходзіцца працаваць, але іх надта мала.

Толькі каляровыя тубыльцы, большасьць з якіх носяць вялізарныя капялюшы, снуюць сабе под сонцам узад і ўперад, хоць-бы што.

Галоўнае адзеньне малайца — «саронг», або кавалак матэрыялу, на манер спадніцы. Ён абыяк спускаецца да кален і ўжываецца аднолькава, як жанчынамі, так і мужчынамі. А далей ужо хто як хоча: ці кашулю, кофту, хустку або мех на плечы, ці проста верхняя палова цела застаецца голаю. На галаве рознастайныя капялюшы, круглыя шапачкі, ці хустачкі і чалмы.

Ногі-ж заўсёды босыя. Голяндзкая ўлада нават клапоціцца аб тым, каб усе былі босыя. Гэта таксама зьяўляецца важнейшай адзнакай паноў ад падняволеных. Слугі паноў, нават лёкаі і швэйцары ў генэрал-губарнатара, убраныя ў параднае адзеньне з бліскучымі гузікамі, — усё-ж такі абавязкова павінны быць босымі. Нават тубыльцы-паліцэйскія, у сініх мундзірах з жоўтымі шнурамі, таксама босыя.

Тугай выйшаў з готэлю і пайшоў па вуліцах. Відаць было, што ён ідзе з пэўнаю мэтай. З шырокай вуліцы ён зьвярнуў у адзін-другі завулак і выйшаў на рынак.

Усюды на Ўсходзе рынак зьяўляецца галоўным месцам грамадзкага жыцьця. Гэта і клюб, і месца сходаў, месца, дзе заўсёды пачуеш усялякія навіны. Менш паловы народу ідзе сюды, каб што-небудзь купіць, большая-ж частка проста таўчэцца, здаецца, без усякага сэнсу.

На вялізнай плошчы цягнуліся шэрагі будак з пальмавага лісьця, травы і бамбуку. Будкі такія нізенькія, што чалавек можа ўвайсьці туды толькі схіліўшыся.

Сьмярдзючая сушаная рыба, розная гародніна, мяса, рыс і садавіна, зьяўляюцца галоўнымі спажывецкімі таварамі. Асабліва розныя