Старонка:Амок (1929).pdf/41

Гэта старонка была вычытаная

перадачу Голяндыі сваіх правоў над народам». Апрача гэтага, яны-ж, пад назвай рэгентаў абавязкова прызначаюцца начальнікамі розных акругаў і провінцый і кіруюць народам бадай таксама, як і калісьці. Толькі побач з імі стаіць яшчэ рэзыдэнт, голяндзкі чыноўнік, які «раіць» рэгенту рабіць так і гэтак. Зразумела, гэта «парада» і зьяўляецца сапраўднай уладай, але ў вачох народа выглядае, нібы кіруе «свой». Нават дзьве «незалежных дзяржавы» яшчэ існуюць на Яве.

Вось гэтыя «свае» і памагаюць голяндцам трымаць у руках мільёны людзей.

Вышэйшай уладай лічыцца «яе вялікасьць Вільгэльміна, каралева голяндзкая», якая жыве за 17.000 клм. ад Явы і ні разу ня бачыла «свайго» народу. Замест яе кіруе яе намесьнік, генэрал-губарнатар, які і зьяўляецца на Яве царом і богам.

Зразумела, далей ідзе адпаведны апарат з тысячамі голяндзкіх чыноўнікаў, але бяз усякага ўдзелу 40-мільённага народу.

І вось у 1918 годзе далі, нарэшце, голас і «народу»: стварылі «Народную раду», куды ўваходзяць чалавек 30, з якіх палова эўропэйцаў. Палова рады назначаецца генэрал-губарнатарам, а другая палова «абіраецца» на мясцох праз тую-ж самую ўладу. І нават такая «Народная» рада мае толькі дарадчы голас пры генэрал-губарнатары.


∗     ∗

Пакуль Тугай валандаўся па Батавіі, яго туан накіраваўся ў Вэльтэврэдэн, у дзяржаўныя ўстановы. Аўтомобіль хутка вылецеў на вялізную Каралеўскую плошчу, вакол якой бялелі ў садох адносна невялікія, але прыгожыя будынкі. Кожны голяндзкі чыноўнік марыць аб тым, каб мець тут кватэру.

Ёсьць сярод іх такія, што не шкадуюць аддаваць палову сваёй пэнсіі, абы толькі жыць у панскім квартале.

Найлепшым будынкам, зразумела, быў палац генэрал-губарнатара, яскрава-белы, з мармуровымі колёнамі. Побач памяшканьне для вартаўнікоў і будкі для варты. Але генэрал-губарнатар тут рэдка жыве. Ён выбраў сабе месца ў вышэйшай і больш здаровай мясцовасьці, у Бэйтэнзоргу, кілёмэтраў 40 ад Батавіі.

Недалёка ад палацу ўздымаўся вялізны будынак дзяржаўных устаноў. Перад ім і спыніўся аўтомобіль ван-Дрэкера.

З важным выглядам увайшоў ван-Дрэкер у дом і запытаўся начальніка зямельнага дэпартаманту. Замітусіліся слугі, і праз хвіліну ван-Дрэкер уваходзіў у габінэт, дзе за сталом прэў круглы, лысы чалавек.

— Ван-Дрэкер, прадстаўнік фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме, — прамовіў ван-Дрэкер, ветліва, але з гонарам, схіліўшыся.

 

39