Старонка:Амок (1929).pdf/42

Гэта старонка была вычытаная

— Калі ласка! Сядайце, — адказаў начальнік: — чым магу служыць?

— Бачыце, — пачаў ван-Дрэкер, выкладаючы свае паперы: — наша фірма намерваецца заснаваць на Яве кававыя плянтацыі, і мне даручана адшукаць дзеля гэтага зямлю.

— Нялёгкая справа, — задуменна сказаў начальнік: — усё, што можна, ужо занята, галоўным чынам пад цукровыя плянтацыі. Насельніцтва густое, зямлі мала, і з кожным годам усё цяжэй і цяжэй дастаць кавалак зямлі.

— Усё гэта мы ведаем, — адказаў ван-Дрэкер: — усё гэта мы ўлічваем, але маем і свае довады. Як вам вядома, за апошнія гады ўсе капіталы накіраваліся ў цукровую прамысловасьць, а кававая заняпала, і мы прадбачым крызіс на цукар і попыт на каву. Умовы дзеля гэтага вельмі спрыяючыя. Калі паставіць справу навукова, мы зможам даць каву, лепшую за Бразільскую. Дзеля гэтага фірма гатова ўкласьці досыць мільёнаў і ня бачыць перашкоды ў тым, калі прыдзецца заснаваць прадпрыемства ў якім-небудзь глухім кутку, напр., у Бантаме, або ў Суракарце ці Джоджакарце[1].

— Пры такіх умовах справа крыху палягчаецца. У Бантаме або ў Прэангеры можа і знойдзецца. Але ў Суракарце ці Джоджакарце залежыць ад мясцовых султанаў.

— І гэта мы ведаем. Вы толькі дайце рэкомэндацыю да тамтэйшых рэзыдэнтаў, а там ужо я сам аб’ежджу і выгляджу. Зразумела, перш за ўсё трэба і ваша прынцыповая згода.

— Супроць культурнага мерапрыемства мы нічога ня можам мець, — неяк нявыразна прамовіў начальнік: — але ўсё-ж такі справа ня зусім такая простая, як вам здаецца.

— Наадварот! — падхапіў ван-Дрэкер: — фірма дасканала ведае ўсю цяжкасьць справы. Гэта відаць з таго, што яна прызначыла ня меней 10 проц. з капіталу на гэты бок справы. Зразумела, адзін я нічога не зраблю; тут патрэбны аўторытэтныя людзі.

У вачох начальніка нешта бліснула. Ён адразу стаў больш уважлівым і лагодным. Ён выразна паглядзеў на Дрэкера і сказаў:

— Цяпер я бачу, што прадпрыемства задумана цьвяроза, што яно ў разумных і практычных руках. Бачу, што там у вас добра ведаюць перашкоды па гэтай дарозе. Ведаюць, што значыць угаварыць насельніцтва, каб яно ўступіла свае кавалкі зямлі. Ведаюць, які апарат дзеля гэтага прыходзіцца пускаць у ход.

— І не кажэце! — сьмяючыся перарваў ван-Дрэкер і дакрануўся да рукі начальніка: — ці-ж мы дзеці? Ці-ж мы ня ведаем рэальных умоў і абставін? Мне толькі трэба будзе аб’ехаць і аглядзець больш-менш зручныя месцы, а потым ужо прыдзецца зьвярнуцца да больш аўторытэтнага чалавека. Не асьмельваюся турбаваць вас, але каб вы

  1. Гэта і ёсьць дзьве „незалежныя“ дзяржавы.
 

40