Старонка:Амок (1929).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

Апрача вышэйшых голяндзкіх чыноўнікаў і ваенных, былі і прадстаўнікі чужаземных дзяржаў: Англіі, Францыі, Бэльгіі і інш. Кідалася ў вочы, што прынамсі палова гасьцей былі мэтысы, а жонкі іх нават зусім чыстакроўныя явайкі. Вось прайшоў важны генэрал-мэтыс са сваёй бурай жонкай. Чужаземцы зірнулі адзін на аднаго і пачалі ціха перагаварвацца. Відаць было, што яны дзівяцца, як гэта дапушчаюць цёмнаскурых людзей у генэралы.

Ван-Гук заўважыў гэта і сказаў ван-Дрэкеру:

— Гэта галоўнакамандуючы явайскімі войскамі, таленавіты і верны чалавек. Але ўсё-ж такі на такую пасаду лепш было-б прызначыць каго-небудзь з нашых. Тут ён вялікі туз, а ў Голяндыі з ім нават пасаромеліся-б прывітацца.

— Гэта толькі сьведчыць, што мы няўдзячны адносна нашых верных слуг, — адказаў Дрэкер.

— Затое тут яны гэтага не адчуваюць, — адказаў ван-Гук.

Ван-Дрэкер паглядзеў на генэралаву жонку, такую прыгожую, маленькую, далікатную і, відаць, разумную і падумаў: — «ці ведаюць гэтыя мяхі, што гэта «бурая» жанчына стаіць вышэй за ўсіх іх аблезлых жанок і дачок?».

Вось заварушыўся народ, дзяжурны ад’ютант крыкнуў на ўсю залю: «Іх высокапрэвасхадзіцельства генэрал-губарнатар з жонкай!» — У глыбіні залі адчыніліся дзьверы, музыка зайграла голяндзкі гімн, — і паважна, павольна выплыў генэрал-губарнатар з жонкай.

Публіка паўскаквала, нізка схілілася. Генэрал-губарнатар у адказ ледзь-ледзь схіліў галаву, прывітаўся з некалькімі найважнейшымі людзьмі, перакінуўся некалькімі словамі і пашоў на сваё месца. Публіка падзялілася на гурткі і чакала адчыненьня балю.

Вось зайгралі полёнэз, генэрал-губарнатар запрасіў жонку францускага консула і пачаў танец. За ім нёйкі туз з жонкай генэрал-губарнатара, а там наступныя па чыну. З вялікаю пашанаю, як у царкве, сачыла прасьцейшая публіка за танцам «самога» генэрал-губарнатара.

Баль быў адчынены. Праз некалькі хвілін генэрал-губарнатар вышаў з шэрагу і сеў у асобным кутку разам з вышэйшымі чынамі, а танцавала ўжо прасьцейшая публіка.

За полёнэзам пашлі іншыя «неофіцыйныя» танцы. Публіка мяшалася, зьмянялася. Усе вокны былі адчынены; за імі вабілі да сябе вэранды. Ван-Дрэкер з цікавасьцю назіраў за ўсім гэтым, але далікатнасьць прымусіла і яго пайсьці танцаваць з дачкой ван-Гука.

Потым ён вышаў на вэранду. Вакол быў сад, абгароджаны высокай сьцяной. Пальмы, бананы, і іншыя нязвычайныя расьліны пераносілі яго зусім у другі сьвет. Але музыка, парадная публіка ў сурдутах, фраках, мундзірах, і ўсе іншыя акалічнасьці паказвалі, што сьвет

 

42