мы бачылі, прымушалі садзіць тое, што явайцу ня трэба, а потым «палюбоўна» браць зямлю ў арэнду.
Такім чынам прадпрыемца Більбо і арандаваў тры чвэрці дэзы Банд’ю для сваёй цукровай фабрыкі. Арандаваў зусім палюбоўна і проста. Перш за ўсё пасябраваў з мясцовай уладай да «луры» (стараста дэзы) уключна. І пашло так, што, калі толькі ў гаспадара бяда, ці неўраджай, ці скаціна падохла, — якраз і падаткі трэба плаціць. Але разам з тым ішла і дапамога: агенты Більбо вельмі ахвотна пазычалі грошы, і ўрэшце зямля «палюбоўна» перашла да Більбо. А гаспадары з гэтага часу апрацоўвалі сваю зямлю ўжо на карысьць Більбо.
Некалькі гаспадарак яшчэ трымаліся, але канчатковы лёс іх быў ужо вырашаны.
А побач з першабытнай малайскай вёскай, дзе людзі жылі таксама, як 300 гадоў назад, — уздымаўся завод, пабудованы згодна апошняму слову эўропэйскай тэхнікі. І на палёх 400 чалавек працавала над цукровым трысьцём. Палова іх нават былі дзеці гадоў 12—15, бо ім трэба было плаціць менш. Праца складалася з таго, што трэба было абарваць лішнее ніжэйшае лісьце і абкапаць кожную расьліну.
У гэтай горнай краіне амаль зусім няма роўных прастораў. Даліны чаргуюцца з узвышшамі, часам уздымаюцца зусім скалістыя, стромкія горы, а там зноў ідзе даліна. У такой даліне была і цукровая плянтацыя.
На ўзвышшы, пад густым дрэвам, сядзелі тры даглядчыкі, служачыя Більбо. Два з іх былі голяндцы, трэці — мэтыс. Уся плянтацыя ляжала перад імі, як на далоні, толькі нельга было разгледзець кожнага рабочага, паасобку. Але дзеля гэтага ў іх быў бінокль. Час ад часу то адзін, то другі падносілі бінокль да ачэй і разглядалі поле. Побач ляжалі даўжэнныя бізуны, аб якіх самі даглядчыкі казалі, што яны «могуць абхапіць адразу дванаццаць чалавек».
— Набліжаўся поўдзень. Сонца стаяла над самай галавой і агнём смаліла голыя сьпіны рабочых. Нават даглядчыкам у цяньку было млосна.
— Вось ужо каторы час тыя хлапцы прыпыняюць работу, — бурчаў адзін з даглядчыкаў: — а ісьці да іх не ахвота. Во, зноў! Ах, паганыя!
— Нічога ня зробіш, трэба ісьці. Твая чарга, Грын, — сказаў другі.
— Ну, дык я ім пакажу за гэта! — злосна крыкнуў Грын і, узяўшы бізун, пашоў да рабочых.
Убачыўшы, што набліжаецца даглядчык з бізуном, усе чатырыста чалавек уздрыгануліся.
— Ці не да мяне? — мільганула ў кожнага з іх у галаве, і пад гарачымі праменьнямі сонца яны адчулі халадок.
47