Па дарозе даглядчыку трэба было абмінуць кавалак поля, засеянага рысам. Кавалак належыў Па-Інго, аднаму з тых гаспадароў, якія яшчэ трымаліся за сваю зямлю. Зразумела, даглядчык ня стаў абмінаць, а пашоў проста праз пасеў. Даўно ўжо прапанавалі гэтаму Па-Інго аддаць свой кавалак у арэнду, а калі ён ня хоча, тым горш яму самому. І праз рыс было ўжо пракладзена столькі сьцежак (кожны раз новая!), што беднаму Па-Інго ўжо нямнога заставалася карысьці.
Сярод рабочых быў і сын Па-Інго, дваццацігадовы дзяцюк Нонг. У бясьсільнай злосьці павінен быў глядзець ён, як на яго вачох гінула іх праца.
Схіліліся рабочыя над працай, заціхлі, утаропілі вочы ў зямлю, нібы не зьвяртаючы ўвагі на даглядчыка. А ў саміх сэрца стукае хутка, хутка.
— Можа не да мяне? — мільгае ў кожнага надзея.
Даглядчык падышоў да вінаватых дзяцей.
— Вы што-ж гэта гуляеце? А? — загрымеў ён: — вы гуляць наняліся, ці працаваць?
Сьвіснуў бізун і абхапіў адным махам «толькі» чатырох. Яшчэ сьвіст — і бізун абхапіў ужо шасьцёра.
Застагналі, заплакалі дзеці, паліліся салонныя сьлёзы на салодкую расьліну, а па худзенькіх сьпінах выступілі рыскі крыві. Зараз-жа кінуліся на кроў мухі — «леры», абляпілі раны, але адагнаць іх ня было магчымасьці: трэба было працаваць.
Некалькі чалавек дарослых, асабліва жанчыны, мімаволі спыніліся і паглядзелі на бедных дзяцей, але зараз-жа зноў сьвіснуў бізун і зрабіў тое самае на іх сьпінах.
— Ах, вы, гультаі! — крычаў дазорца: — вы толькі і думаеце аб тым, каб украсьці якую-небудзь хвіліну. Вы думаеце, мы гэтага ня бачым? Не, кожнага бачым; нас не ашукаеце!
У гэты момант пачуўся звон. Пасьля шасьцігадзіннай працы настаў перапынак на поўгадзіны, а там зноў шасьцігадзінная праца да цямна. Даглядчык пашоў. Рабочыя расправілі сьпіны, паваліліся на зямлю, сталі палуднаваць. Жменька рысу і некалькі пладоў былі іхнай адзінай стравай за ўвесь дванаццацігадзінны рабочы дзень.
Хай не падумае чытач, што гэта ёсьць першабытнае нявольніцтва. Наадварот: гэта ёсьць поўная свабода. Рабочыя дабраахвотна ўмовіліся працаваць па 12 гадзін у дзень і нават падпісалі ўмову. А тады ўжо, згодна закону, работадаўца мае права прымусіць іх выканаць умову, г. зн. працаваць поўных 12 гадзін, хвіліна ў хвіліну. У іншых выпадках рабочыя працуюць і 10, і 9, і нават меней гадзін, але ў кожным разе па згодзе. Ці-ж гэта прыгон?
48