Старонка:Амок (1929).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

Рабочыя адпачывалі. Значная частка іх нічога ня думала, нічога не адчувала, апрача асалоды адпачынку. Нават аб катаваньні яны не разважалі. Справа звычайная. Дзеля таго яны і паны. Заўсёды так было і, мусіць, павінна быць. Вось каб барджэй толькі скончылася праца! Тады можна будзе добра адпачыць і забыцца аб усіх згрызотах.

Затое іншыя не маглі супакоіцца.

— Добры дух пакінуў сэрца белых людзей.

— Аллах адвярнуў свой твар ад нас.

Але сярод гэтых слоў чуліся і зусім іншыя:

— Ніколі Аллах ня раіў цярпець гвалты чужаземцаў. Наадварот, ён загадвае весьці барацьбу з імі. Мы самі павінны аб’яднацца, і тады Аллах паможа прагнаць чужаземцаў. Дзеля гэтага і існуе партыя Сарэкат-Райят[1]. Каб мы ўсе ўвайшлі ў гэтую партыю, тады адным махам вызваліліся-б ад чужаземцаў.

Некаторыя зацікавіліся, пачалі пытацца, дзе і як гэта можна зрабіць. Аднэй незалежнасьці ад белых мала, — чулася ў другім гуртку: — зірніце навакол і вы ўбачыце, што і «свае» таксама зьдзекуюцца над намі. Не, для нас свае толькі тыя, хто працуе, як і мы, а хто п’е нашу кроў — усё чужыя, якая-б скура ў іх ні была — белая ці бурая.

Цікава было слухаць такія словы пад экватарам, сярод бурых паўголых «дзікуноў». Нават сюды дайшлі комуністычныя ідэі. А пану Більбо і ня сьнілася, што ў яго на плянтацыі нявольнікі кажуць такія рэчы. Ён, як і ўся Эўропа, прывык лічыць явайцаў «самым ціхім і спакойным народам у сьвеце».

Хутка прайшло поўгадзіны, і зноў пачалася цяжкая праца. Але вось на небасхіле пачалі зьбірацца хмары. Загрымеў гром, замільгала маланка. Набліжаўся экватарыяльны дождж, той дождж, які льле, як з вядра, тая бура, калі на працягу гадзіны, ці дзьвёх робіцца цёмная ноч.

— Вось, недарэчы гэты дождж, каб яго… — лаяліся даглядчыкі.

Але затое рабочыя былі задаволены: гэты дождж прынясе ім адпачынак.

І дождж пачаўся. Грымеў гром, бліскала маланка, ліліся з неба струменьні. Даглядчыкі схаваліся пад дрэвам, а рабочыя засталіся на полі. Але-ж затое адпачылі яны добра! Толькі праз дзьве гадзіны яны зноў узяліся за працу.

А шостай гадзіне, калі было зусім цёмна, вярнуліся яны ў свае баракі. Гэтыя баракі заместа месца адпачынку, можна было лічыць месцам пакуты. Нізкія, без акон, яны мелі некалькі паверхаў, паліц, і калі

  1. Нацыянальная рэволюцыйная партыя.
 

49