Старонка:Амок (1929).pdf/65

Гэта старонка была вычытаная

— Гэтыя яшчаркі вас ня будуць чапаць, — сказалі Піпу, — тая звалілася на вас выпадкова, ды яна і зьявілася знадворку, а гэтыя зусім няшкодныя.

І ўжо пасьля таго, як усе вышлі. Піп успомніў, што ён нават чытаў аб гэтых гэкко ў кніжцы, што яны досыць распаўсюджаны, нават у паўднёвай Эўропе, што гэтых гэкко (або гэкконаў) налічваецца каля 50 парод. Але ўсё вычытанае з кніжкі вылецела з галавы, калі на вуха зваліўся сапраўдны гэккон.

Назаўтра выехалі да сьвятла. «Кахар-балон» хутка каціўся па вузкай дарозе. Піп сядзеў пад балдахінам, але гэтая павець была прыстасована так нізка, што доўгі пасажыр павінен быў сядзець скурчыўшыся, бо галава выпірала тканіну. Нонг сядзеў наперадзе побач з фурманом.

Пачала ўжо зьмяняцца і мясцовасьць. Узвышшы рабіліся больш камяністымі, няпрыгоднымі для зямляробства, а нізіны ўсё больш балотнымі. Адпаведна гэтаму і насельніцтва значна парадзела.

Пад вечар прыехалі ў Тэнанг. Уласна кажучы, у ім была толькі адна вуліца, шырокая, чыстая, прыгожая. Па бакох стаялі бялюткія домікі, дзе разьмяшчаліся офіцыйныя ўстановы і крамы. Тут быў дом асыстэнт-рэзыдэнта (памочніка рэзыдэнта), пошта, суд, казармы для салдат, якіх было 100 чалавек, але ўсе з тубыльцаў, за выключэньнем камсаставу. А навокал былі раскіданы ў беспарадку халупкі тубыльцаў.

Зразумела, усё гэта хавалася пад пальмамі, бананамі і іншымі дрэвамі. А далёка на поўдзень ішлі таемныя лясістыя горы, куды ўлада голяндзкая, можна сказаць, і не дасягала.

Піп заехаў да асыстэнт-рэзыдэнта ван-Дрона. Гэта быў сухі, жоўты ад трасцы чалавек, гадоў пад 40. Яму трэба было яшчэ адслужыць 3 гады, каб звольніцца зусім і атрымоўваць пэнсію. Дзеля гэтага ён і сям’ю сваю ўжо адправіў у Голяндыю і дажываў гэтыя гады адзін.

Рэдка бачыў ён прыежджых эўропэйцаў, дзеля гэтага ахвотна і радасна прыняў Піпа.

— Значыцца, вы падарожнічаеце так сабе, дзеля забавы? — сказаў ён, калі ўсё было ўпардакавана, і яны абодвы сядзелі на вэрандзе.

— Так, — адказаў Піп, — галоўным чынам, каб паглядзець сапраўдную першабытную прыроду і папаляваць на дзікіх зьвяроў.

Дрон паківаў галавой.

— І ахвота людзям пакутваць! Я, напрыклад, кожны дзень думаю толькі аб тым, каб уцячы адсюль.

— Вядома, калі вы ўсё бачылі і перажылі, — сказаў Піп.

— Нічога я ня бачыў і бачыць не жадаю! — з запалам сказаў Дрон, — а перажыў і перажываю толькі трасцу.

— Ад гэтага-ж ёсьць ратунак — хінін.

— Не паможа і ён, калі доўга жыць у гэтых праклятых мясцох.

 

63