Старонка:Амок (1929).pdf/70

Гэта старонка была вычытаная

Толькі некалькі крокаў яны прайшлі, а ўжо няпрыемныя перашкоды, а што будзе далей? Нездарма гэты край застаецца няпрыступным. Нездарма сюды ніхто ня ходзіць.

Але праз некалькі хвілін Піп забыўся аб здарэньні. Перад ім зьяўляліся ўсё новыя і новыя расьліны. Адных толькі пальмаў колькі парод! І высокія, і нізенькія; у адных лісьце недзе на недасяжнай вышыні, у другіх вылазяць проста з зямлі. І сярод іх славутная явайская пальма «гебанг», якая цьвіце толькі адзін раз у сваім жыцьці на 50-м годзе, а потым памірае.

Калі на аднэй палянцы Піп заўважыў гэтую пальму, на верхавіне якой сярод лісьця (больш за 2 мэтры шырыні), сабранага ў адзін пук, уздымалася кветка, нібы вялізны яскравы слуп, калі Піп убачыў гэты момант, які здаецца адзін раз у 50 год, дык спыніўся з нейкай пашанай і падумаў: «Дзеля аднаго гэтага варта ехаць з Эўропы!».

Але ўрачысты настрой быў сапсаваны страшэнным смуродам, які, здавалася, ішоў ад пальмы.

— Ці ня падла якая? — сказаў Піп і падышоў бліжэй. Але смурод ішоў аднекуль ззаду, за-за пальмы. Піп зрабіў яшчэ некалькі крокаў і, заместа падлы, убачыў на зямлі вялічэзную кветку, чырвонага колеру з белымі і ружовымі плямамі. Велічынёй яна была з добрае кола; некалькі бутонаў, якія яшчэ не расьцьвілі, выглядалі, як качаны капусты. Дзіўная, прыгожая кветка прыкавала да сябе ўзрок Піпа, але затое нос яго ўпарта адварочваўся ўбок. Зграі мух насіліся над ёй, як над сапраўднай падлай.

— Няўжо-ж гэта яна так сьмярдзіць? — прамовіў Піп.

— Яна, туан, — адказаў Хаон. — Гэта «крубута».

У навуцы гэта кветка завецца рафлезія і жывіцца карэньмі другіх дрэў. З-за яе калісьці загінуў адзін вучоны, які так зацікавіўся ёю, так старанна пачаў вывучаць яе, што захварэў і праз 14 дзён памёр. Цікава яшчэ адзначыць, што гэта самая вялікая кветка мае самае маленькае насеньне, якое можна, разглядзець толькі праз павялічальнае шкло.

І нашыя падарожнікі пастараліся хутчэй адыйсьціся ад гэтай прыгожай кветкі. Лес рабіўся ўсё гусьцей, так што зусім нельга было разабрацца, якая галіна да якога дрэва належыць. Вызначаліся волаты-расаламы, якія часам былі на 5 мэтраў вышэй за вядомую званіцу Івана Вялікага ў Маскве. Потым каштоўнейшыя тэкавыя дрэвы, якія даюць такі моцны матэрыял, што яго не бярэ сякера. Але дзе-ж там пералічыць дрэвы, якіх у явайскім лесе расьце больш за 1500 парод?

Апрача таго, і не да разгляду было, калі трэба ня толькі праціскацца, але нават высякаць сабе дарогу. Горш за ўсё дапякалі ліяны, якія часам так апляталі ўсе дрэвы, што без сякеры ніяк нельга было прайсьці. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што мул ня мог прайсьці там, дзе мог пралезьці чалавек. Часта прыходзілася спэцыяльна для

 

68