Старонка:Амок (1929).pdf/77

Гэта старонка была вычытаная

— Акулярніца! — прашаптаў Нонг.

— Тсс!.. — штурхануў яго Піп, з захапленьнем наглядаючы гэтую сцэну.

Няшчасная птушка хоць і адлятала, але кожны наступны раз падлятала ўсё бліжэй і бліжэй. Спакойны, пільны, ледзяны погляд зьмяі, нават з боку гледзячы, рабіў жудаснае ўражаньне. Галава ціха паварочвалася ўсьлед за птушкай, высунуты язык варушыўся. Птушка, відаць, добра ведала, што ёй пагражае, жалобна ціўкала, але не магла адарвацца і падлятала ўсё бліжэй і бліжэй.

— Шкода птушкі, — сказаў Піп і зрабіў крок наперад, каб стрэльнуць.

Рух, шолах і трэск галінкі былі заўважаны зьмяёй, і яна зірнула ў гэты бок. Птушка, якая амаль што не ўляцела ўжо ў рот зьмяі, — выкарыстала момант і з радасным шчэбетам паляцела прэч.

Але-ж затое корба раззлавалася. Звычайна яна ўцякае ад людзей, але цяпер падняла сваю галаву на поўмэтра, раздула ўшыркі сваю шыю і рушылася на Піпа. Па бакох шыі выпрасталіся нейкія зморшчкі і надалі галаве выгляд апалоніка. Нездарма першыя португальцы далі ёй назву «кобра дэ капелло», што азначае — «зьмяя ў капялюшы». Вочы яе заместа птушкі, уперыліся цяпер у Піпа, і нават той на момант адчуў нешта асаблівае.

Ды і ня дзіва, — зьявішча было незвычайнае. Трэцяя частка цела зьмяі ўздымалася ўверх проста і нярухома, як слуп, і разам з тым хутка рухалася наперад. Погляд, язык і асабліва шырокі «капялюш» рабілі ўражаньне чагосьці магутнага і жудаснага, нават і ўзброенаму чалавеку было чаго спалохацца.

Нонг першы стрэльнуў і, відаць, зачапіў толькі край гэтага капялюша, бо акулярніца толькі крыху хіснулася і яшчэ мацней напружылася, каб скокнуць у апошні раз. Але ўсьлед за Нонгам стрэльнуў Піп, і галава зьмяі павольна схілілася да зямлі. Тут кобра пачала круціцца і біць хвастом, пакуль новая куля зусім не супакоіла яе.

— Вось гадзіна! — сказаў Піп, зьняўшы свой шлём і выціраючы пот. — Ледзь мяне не зачаравала, як тую птушку.

— О, туан! Гэта ёсьць самая небясьпечная зьмяя, горш за ўсіх вялікіх боа. Выздаравець ад яе ўкусу амаль немагчыма.

— Трэба будзе з яе зьняць скуру на памяць. Вазьмі яе з сабой.

Нонг павесіў зьмяю сабе на шыю, і яны пашлі далей. Калі прыняць пад увагу, што Нонг яшчэ нёс забітую малпу, дык прыдзецца сказаць, што далейшая хада была для Нонга ня вельмі прыемная і пажаданая. Яны і так адышлі ўжо ад сваёй стаянкі кілёмэтраў на дзесяць.

— Ці ня думае туан вярнуцца назад перад дажджом? — дыплёматычна сказаў Нонг.

Піп зірнуў на неба, потым на свой гадзіньнік. Было 11 гадзін.

 

75