Старонка:Амок (1929).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

для перавязкі, прывёў абодвух таварышоў. Праз некаторы час рушылася процэсія: наперадзе, на зробленых з гальля насілках несьлі Хаона, а ззаду Піп з Нонгам несьлі на жардзіне забітага тыгра. З першымі праменьнямі сонца прышлі яны ў свой лягер.

— Як-жа ж усё гэта магло здарыцца? — запытаўся Піп.

— Гэта самая лёгкая кара Хаону за яго глупства, — адказаў ён з прыкрай усьмешкай. — Па-першае, трэба было ведаць, што ветрык ужо сапсаваў нам усю справу, а, па-другое, — і самае галоўнае — трэба было ведаць, што наша дрэва стаяла ў яру, а побач уздымаўся высокі бераг, з якога можна было дасягнуць да нас. Каб адлегласьць была крыху меншая, — нам-бы ня тое яшчэ было. Мат’ян хітры: ён пачуў нас, і, абышоўшы навакол, напаў на нас ззаду. Сорам Хаону: анак (дзіця) гэтак не зрабіў-бы. Бодок (дурны) Хаон!

Стары паляўнічы на тыграў, здавалася, больш пакутаваў ад сваёй хібы, чымся ад раны.

— Што-ж цяпер будзем рабіць? — нерашуча запытаўся Піп.

— Туан казаў, што хоча навясьціць бадувісаў, — адказаў Хаон. — Калі ён не пакінуў свайго жаданьня, можна было-б накіравацца туды. Там мяне хутка вылечаць. Ды туды і значна бліжэй, чымся ў Тэнанг.

Піп ахвотна згадзіўся, бо гэта якраз адпавядала і яго жаданьню.

Прайшло некалькі гадзін, пакуль падрыхтаваліся ў дарогу. Трэба было ўпарадкаваць тыгра ды і наогул усю сваю здабычу. Потым трэба было зрабіць для Хаона добрыя насілкі. Ды і адпачынак для паляўнічых быў патрэбен пасьля такой ночы.

Пасьля поўдня зьняліся з месца. Хаон, лежачы на насілках, кіраваў дарогай, за ім ішоў Піп, а ззаду Нонг з мулам, які ўжо адчуваў, што цяжар яго значна павялічыўся.

Калі экспэдыцыя зьнікла ў гушчары, з-за кустоў вышлі два явайцы ў накідках і хустках на галаве. У руках яны трымалі добрыя вінтоўкі.

— І навошта нам валаводзіцца з ім? — сказаў адзін з іх — ці ня лепш было-б адразу скончыць. Усёроўна ён наш вораг.

— Калі загадалі, — значыцца, ведаюць, дзеля чаго гэта патрэбна, — адказаў другі, — ды і мы самі можам зразумець, што нам неабходна стварыць уражаньне, нібы нікога з нас тут няма. Ці-ж ты ня чуў, што оранг-улянда[1], ужо супакоіліся і радуюцца, што ўсё ціха.

І яны павольна накіраваліся ўсьлед за экспэдыцыяй.

  1. Па-малайску — голяндцы (оранг. — чалавек, улянда — голяндец).
 

83