Старонка:Амок (1929).pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

VIII. ЗАХАВАЛЬНІКІ ВЕРЫ ДЗЯДОЎ.

У госьцях у бадувісаў. — Пад аховай „табу“. — Сьвята малпаў. — Дыплёматы Піпа. — Цуды пяцёхрукага бога. — Дабраахвотны пакутнік. — Правадыр-здань. — Экскурсія ў ваколіцы. — Даліна гейзэраў. — Спакуса. — Піп зьнік.

Марудная і цяжкая была дарога, асабліва з насілкамі і ацяжараным мулам. У дадатак зноў пачаліся балоты. Толькі пасьля захаду сонца выбраліся яны на сухое месца.

— Цяпер я ўжо добра ўразумеў, чаму гэтыя бадувісы захавалі сваю незалежнасьць, — сказаў Піп, калі яны спыніліся нанач.

— Гэта ўжо апошняе балота, — суцешыў Хаон. — Далей ужо пойдзе гарыстая мясцовасьць.

І сапраўды, далей дарога падымалася ўсё вышэй і вышэй. Бадувіскія пасёлкі здаваліся ўжо зусім блізкімі, але ішлі гадзіна за гадзінай, а яны ўсё здаваліся таксама блізкімі, як і раней. Трэба яшчэ ведаць, што ў сапраўднасьці і дарогі ніякай ня было. Прыходзілася ўвесь час круціцца між скал, каб знайсьці праход, або караскацца па каменьнях. А тут яшчэ насілкі і мул. Усе выбіліся з сілы, хоць адпачывалі дзесяць разоў.

Дрэнна адчуваў сябе і Хаон, хоць і зусім з іншай прычыны. Ён лічыў сябе зусім здаровым, толькі што ісьці ня мог. І яму было вельмі няпрыемна глядзець, з якімі ўсілкамі цягнуць яго ўгару, нібы мерцьвяка.

Мусіць ня болей 15-ці кілёмэтраў трэба было ім прайсьці, а заняло гэта ўвесь дзень ды палову наступнага дню.

Нарэшце, падышлі к пасёлку. Але зблізку яго і пасёлкам нельга было назваць. Гэта былі раскіданыя на значнай адлегласьці адна ад аднэй хаткі. Яны займалі значны абшар па бакох узвышшаў і толькі здалёку здаваліся адным пасёлкам. Пабудованы яны былі, галоўным чынам, з каменьня, а некаторыя нават проста выдзеўбаны ўгары. Вакон ніякіх ня было; заместа дзьвярэй дзіркі, якія, відаць, ніколі і не зачыняліся.

Усё поле гаспадара было вакол яго хаты. Там расьлі кукуруза і рыс, які бадувісы разводзяць «сухім спосабам», але ніякіх іншых адзнак сельскае гаспадаркі ня было відаць: ні жывёлы, ні колаў, ні прылад. Толькі плецены сьвіран сьведчыў, што ўсё-ж такі ў ім нешта кладуць.

Ля кожнага дому быў сад, калі можна так назваць раскіданыя бяз усякага парадку між скал пладовыя дрэвы. А можа іх ніхто і не садзіў? Можа яны самі так растуць, як і іншыя дрэвы, што пачыналіся далей за сялібамі.

Згодна ўказаньням Хаона, падарожнікі накіраваліся да бліжэйшай крайняй хаты, што стаяла на водшыбе. Насустрач вышаў зьдзіўлены гаспадар; з-за яго сьпіны выглядала спалоханая жонка.

 

84