Старонка:Амок (1929).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

— З якою мэтаю яны прыбылі? Ці надоўга? — пачаліся сярод іх пытаньні.

— Аднаго з іх, паляўнічага Хаона, пакалечыў тыгр, — адказаў той, хто прынёс весткі. — Вось яны і знашлі прытулак у Того, пакуль хворы выздаравее.

— Гэты Того вельмі ўжо якшаецца з нечасьцівымі; трэба было-б сур’ёзьней папярэдзіць яго, — заўважыў стары д’елема.

— За ім сочаць, — адказаў другі.

— А якія намеры ў гэтага белага? — ізноў зьвярнуліся да прышоўшага. — Ці нельга было што-небудзь распазнаць?

— Паколькі можна меркаваць па словах яго слуг ды па абліччу яго самога, — ён, здаецца, нічым ня цікавіцца, апрача паляваньня. Прыехаў ён часова здалёку, каб пабавіцца паляваньнем — і больш нічога.

— Ці ня з тых яны лясных людзей, што трапляюцца ў нас?

— Не, яны прыбылі з Тэнанга.

— У кожным разе трэба параіцца з Гіранг-Ту-Унам, — парашылі яны, і некалькі чалавек накіраваліся некуды з памяшканьня.

Калі раніцою Піп устаў і вышаў з палаткі, ён некалькі хвілін любаваўся краявідам. Сонца толькі-што паказалася з-за лесу і асьвятляла толькі верхавіны гор. На поўнач распасьцёрлася лясістая нізіна, адкуль яны прышлі. Плямы туману, нібы вазёры, бялеліся сярод лясоў. Нідзе аніякіх адзнакаў жыльля чалавека. Неяк ня верылася, што ўсяго толькі праз некалькі дзесяткаў кілёмэтраў знаходзяцца мясцовасьці, нават занадта заселеныя.

А ззаду, на поўдзень, беспарадачна групаваліся горы, дзікія, няпрыступныя. Бакі іх былі пакрыты лесам. Ня болей, як за 50 кілёмэтраў па простай лініі знаходзіўся Індыйскі акіян, але колькі знойдзецца людзей, якія прайшлі гэтую адлегласьць? З эўропэйцаў, мусіць, няма аніводнага.

«А што, каб паспробаваць прайсьці? — падумаў Піп. Але тут яму прышла думка, што тады яму прыдзецца страціць свае паляўнічыя трофэі, бо з імі не перабярэшся праз гэтыя дзікія горы.

Ва ўсякім разе, пасьля таго, як Піп крыху здаволіўся паляваньнем, ён адчуў жаданьне пазнаёміцца і з іншымі рэчамі і зьявамі гэтай краіны.

Вось стаіць цікавая старажытная царква. Яна пабудована з вялізных каменьняў, моцна, цяжка. Ідзе ўверх прыступачкамі і аканчваецца невялікай круглай вежай. Па прыступках прылеплены маленькія будачкі, нібы гнёзды ластаўкі. Відаць, царква гэта стаіць тут некалькі стагодзьдзяў. «Захавальнікі веры дзядоў», мусіць, захавалі нешта цікавае са старажытнай індускай рэлігіі.

А крыху далей, за царквой, уздымаецца прыгожая гара, нібы зробленая чалавекам. Круглая, правільнай формы, зялёная і нібы адсечаная зьверху.

 

87