Старонка:Амок (1929).pdf/9

Гэта старонка была вычытаная



I. ТАМ, ДЗЕ КАЛІСЬЦІ ГРУКАТАЎ КРАКАТАУ.

У Зондзкай пратоцы. — Кракатау. — Напад на ваенны карабель. — Хто каго: машына ці вецер? Сьмелы мічман. — Чорныя і белыя. — Карабель захоплены. — „Справядлівы“ суд.


евялікі голяндзкі ваенны карабель «Саардам» набліжаўся з поўначы да Зондзкай пратокі. З левага боку — Суматра, з правага — Ява паступова пасоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй, нібы намерваліся зусім загарадзіць дарогу.

— Апусьціць парусы. Узмацніць пару! — загадаў капітан.

«Саардам» мог зьмяшчаць 2.000 тон грузу і быў прыстасаваны так, што мог плысьці і пры дапамозе ветру, і пры дапамозе пары. Пакуль ён быў у шырокім моры, ён карыстаўся парусамі, а цяпер у вузкай пратоцы, дзе вецер кожную хвіліну зьмяняў свой кірунак, парусы толькі перашкаджалі-б. Ды пад вечар і наогул вецер пачынаў сьціхаць.

— Значыцца, заўтра раніцою будзем у Батавіі, — сказаў лейтэнант Брэнд: — засталося толькі 200 кілёмэтраў.

— Няпрыемна толькі ісьці ўначы ў гэтым вузкім калідоры, — нахмурыўшыся сказаў капітан.

— Глупства! — весела адказаў Брэнд. — Мы-ж, можна сказаць, ужо дома, дарогу ведаем. Праўда, стары? — зьвярнуўся ён да боцмана Гуза, які стаяў побач і ссаў сваю неразлучную люльку.

Той, не сьпяшаючыся, выняў з рота люльку, плюнуў у мора і сказаў:

— Завяжэце мне вочы і я бяруся ў такім стане давесьці вас да Батавіі.

Праўду кажучы, і сам капітан ведаў, што ніякай небясьпекі ня можа быць. Сказаў ён гэта так сабе, па прывычцы, як адказны гаспадар, які павінен усё прадугледзець.

«Саардам» вёз у Батавію зброю: сотню кулямётаў, тысяч 30 вінтовак і адпаведную колькасьць іншых ваенных прыпасаў. Чатыры гарматы і 60 чалавек каманды складалі яго абарону.