Старонка:Амок (1929).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

Вышаў Того. Піп з дапамогай некалькіх слоў, а больш на мігі, запытаўся, як лепей прайсьці туды. Але Того з жахам заматаў галавой і залапатаў:

— Тіда дапат! Тіда дапат[1]! Табу! Мат’ян[2]!

Слова «табу» выявіла Піпу, у чым справа, але цікавасьць яго ад гэтага толькі павялічылася.

Пасьля сьнеданьня Піп з Нонгам пашлі паглядзець на пасёлак. Гэты пасёлак займаў прастору, як добры горад, але, як і спачатку, усе сялібы былі раскіданы абыяк, у залежнасьці ад таго кавалку зямлі, які гаспадар апрацоўваў. Няма чаго і казаць, як дзівіліся жыхары на нязвычайнага госьця.

Недалёка ад царквы, дзе, здаецца, пачынаўся некрануты лес, раптам пачулася нейкая траскатня, быццам былі кіямі па дрэвах. Зірнуўшы туды, Піп убачыў натоўп народу, з кошыкамі, торбачкамі, нізкамі бананаў. Частка людзей сапраўды барабаніла ўва што толькі можна.

Падарожнікі падышлі бліжэй. У гэты момант з дрэў пазлазіла некалькі малпаў і ўмяшалася ў натоўп. Далей-болей, малпы ўсё прыбывалі ды прыбывалі. Вось ужо іх некалькі дзесяткаў, вось сотня, вось дзьве…

Гэта былі невялікія малпы, так званыя «моньет», з пароды макакаў. Яны зьмяшаліся з людзьмі, вырывалі з іх рук бананы, совалі насы ў кошыкі, адным словам, адчувалі сябе, як свае.

— Што гэта такое? — зьвярнуўся Піп да Нонга.

— Мусіць, нейкі дзень, малпаў, або сьвята. Я чуў, што ў некаторых мясцох шануюць гэтых малпаў.

Тым часам адна з малпаў падышла да Піпа і, заўважыўшы бліскучы гузік, пацягнула за яго лапай.

— Ах ты, паскудзтва! — раззлаваўся Піп і намерыўся быў, як сьлед, правучыць яе. Але Нонг схапіў яго за руку.

— Не чапайце, туан! Можа быць бяда! Людзі абразяцца.

Піп зараз-жа супакоіўся, і яны абодва ўжо лагодна пачалі знаёміцца з малпамі. І гэта прынесла ім значную карысьць. Людзі ўбачылі, што чужыя госьці пасябравалі з іхнымі малпамі, нібы свае, і ад гэтага сталі крыху прыхільней глядзець на чужынцаў.

А ля царквы быў другі натоўп. Там адчынілі сваю краму сьвятыя д’елемы і за малпаў кошт зьбіралі ахвяру для вялікага бога Багара Тунгаля. Жменька за жменькай напоўнілі ўжо мяхі. А тут яшчэ яйкі, кавалкі тканіны, скуры зьвяроў.

Раптам Піпу прышла да галавы нейкая думка. Ён сказаў нешта Нонгу на вуха, і яны падышлі да жрацоў. Адзін з іх

  1. Нельга!
  2. Сьмерць. Цікава адзначыць што па-малайску тыгра, як мы бачылі, носіць гэтую самую назву.
 

88