Старонка:Амок (1929).pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная

быў досыць малады чалавек, а другі — стары з сівой барадой, але абодва былі аднолькава сур’ёзныя і строгія. Белыя цюрбаны[1] і доўгія белыя балхоны рэзка вызначалі іх сярод простых паўголых людзей.

Піп выняў дзьве залатых монэты і ўрачыста паклаў іх перад д’елемамі. А Нонг тымчасам растлумачыў:

— Вялікі туан здаўна ўжо шануе адзіную праўдзівую старадаўнюю веру. Ён вельмі рады, што бачыць народ, які захаваў гэтую веру, і ў адзнаку пашаны просіць прыняць яго ахвяру.

Жрацы зьдзівіліся. — Ахвяра была сапраўды значная; нават стары не памятаў, каб хто-небудзь калі ахвяраваў золата. Але з другога боку і падазрона неяк.

Піп заўважыў, што яны дзівяцца і ня вераць і з дапамогай тых нямногіх слоў, якія ведаў, дадаў:

— І ў нашых краёх, хоць і вельмі мала, але ёсьць такія людзі, якія не прызнаюць новых выдуманых рэлігій. Яны чулі, што існуе старадаўняя, праўдзівая вера, але не сустракаюць яе. Вось чаму я радуюся, што сустрэў сапраўдных насіцеляў веры дзядоў.

Піп хацеў быў дадаць яшчэ, што вельмі хоча азнаёміцца з гэтай верай, але падумаў, што яны тады дагадаюцца, дзеля чаго гэтая ахвяра. Ён парашыў адкласьці гэта да другога выпадку, а пакуль што паказаць, што ён робіць гэта выключна з пашаны; нават павярнуўся, каб ісьці.

Тады стары сказаў:

— Ніколі ня бачылі мы такіх людзей з чужынцаў, асабліва белых. Але, калі ты праўду гаворыш, хай твая ахвяра дойдзе да вялікага Багара Тунгаля.

Піп адышоў, але яму так рупіла азнаёміцца з гэтай «адзінай праўдзівай верай», што ён нават шкадаваў, чаму не папрасіўся паглядзець царкву і рэлігійную цырымонію. Аднак-жа ўсё тое, што ён зрабіў, аказалася вельмі ўдалым.

Калі ён адышоў, жрацы зірнулі адзін на аднаго, і малодшы сказаў:

— Гэты чужаземец даў ахвяру і пашоў сабе, нічога ня просячы. З якою мэтаю ён мог гэта зрабіць?

Стары задумаўся.

— Ня ведаю, — адказаў ён нарэшце, — можа затым, каб пралезьці куды ня трэба?

— Дзеля гэтага існуе табу. А можа ён і сапраўды шануе нашу веру? Можа пусьціць яго ў царкву на маленьне? Усёроўна ён убачыць ня больш, чымся кожны з нашых простых людзей. А можа, нарэшце, і сапраўдным прыхільнікам зробіцца?

  1. Нібы ручнік, абмотаны вакол галавы.
 

89