але, нарэшце, ня вытрымаў і, паказваючы ў той бок, запытаўся Того, што гэта там такое?
— Факір, — адказаў Того з вялікай пашанай.
— Можна падысьці?
— Можна, але нельга трывожыць.
Але Піп ужо пасунуўся ў той бок. За ім ціхенька рушыўся і Того.
Піп заўважыў у сьцяне дзьверы з дзіркай-вакенцам, як у турме. Адтуль і ішоў смурод. Сашчапіўшы вусны, ня дыхаючы, глянуў туды Піп, але нічога ня ўбачыў, апрача чорнай дзіркі. Праз хвіліну вочы некалькі прывыклі, і ён мог заўважыць, што гэта была каморка ў сьцяне, велічынёй з шафу. Зірнуў у бок і з жахам адхіснуўся: на яго глядзелі два вялікіх бліскучых вокі. Больш нічога не пасьпеў ён разглядзець і пашоў назад.
— Пасаджаны? — запытаўся Піп.
Того зірнуў на яго са зьдзіўленьнем.
— Не. Сам. Сьвяты чалавек.
Тымчасам чалавек 20 жрацоў падышлі да аўтара, узяліся за рукі і пачалі хадзіць навакол, як у карагодзе. Разам з тым зацягнулі нейкую песьню. Народ, седзячы на зямлі, падцягваў. Праз хвіліну падышоў старэйшы жрэц і паклаў на аўтар вугольле, потым нешта пахучае. Карагод тымчасам усё кружыўся. Часьцей за ўсё чуліся словы «Багара» і «Тунгаль». Сьпеў рабіўся ўсё мацнейшым і хутчэйшым. Карагод таксама вярцеўся ўсё шпарчэй. Вось ужо паўскаквалі некаторыя людзі і далучыліся да яго. Жрацы ўжо так лёталі, што нельга было разглядзець іх паасобку. За імі пусьціўся народ. Каму не хапіла месца ў шэрагу, той круціўся паасобку. Вочы блішчалі, пот ліўся струменямі. Того, побач з Піпам, таксама ня вытрымаў і пачаў прытоптваць і нешта выкрыкваць.
Піп спалохаўся: ці не звар’яцелі ўсе яны разам?
Вось жрэц паклаў яшчэ больш вугольля, дадаў наверх нейкай травы і завыў такім голасам, нібы хто пачаў цягнуць з яго кішкі. Прысутныя таксама паддалі духу і завярцеліся так, што ў Піпа ўваччу пацямнела. Крыкі «Багара-Тунгаль» рабіліся ўсё мацнейшымі і настойлівымі. Піп уразумеў нават слова «зьявіся».
Трава загарэлася вялікім полымем і асьвятліла ўсю царкву, але хутка патухла. Патухлі і сьвяцільнікі. Адразу зрабілася цёмна, як у склепе.
І вось пярэдняя сьцяна пачала паступова рассоўвацца. Шчыліна ўсё павялічвалася. Паказаўся пакой, падняты нібы сцэна, а пасярэдзіне — вялізная статуя. Яна сядзела на падставе, склаўшы ногі; па бакох было 5 рук, а на вялізнай галаве трэцяе вока ў лобе.
Нідзе ня было агню, але водбліск нейкага сьвятла ішоў аднекуль
збоку.
91