Старонка:Амок (1929).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

вочы сьведчылі аб надзвычайнай сіле волі гэтага фанатыка, і гэта воля падтрымлівала яго жыцьцё…

Яны, гэтыя дабраахвотныя пакутнікі, выхоўваюць у сабе такую сілу духу, што могуць прымусіць нават цэлы натоўп людзей бачыць тое, чаго ў сапраўднасьці няма. Некаторыя індыйскія факіры (якія сярод сваіх таварышоў лічацца «здраднікамі») і цяпер ў розных гарадох Эўропы паказваюць свае «цуды». Ня кажучы ўжо аб тым, што яны могуць сябе калоць, рэзаць, смаліць, яны яшчэ могуць зрабіць, напр., так, што людзі ў цырку бачаць ваду, якая іх затапляе, падымаюць ногі, крычаць, верашчаць, нават адчуваюць холад, у той час, як другая палова гледачоў сьмяецца. А праз хвіліну адбываецца наадварот.

Нездарма ў народзе кажуць, што можна «напусьціць туману ў вочы». А гэты «туман» зьяўляецца хвалямі мазгоў, накшталт хваляў радыё. І гэтую сілу мазгоў адпаведным практыкаваньнем можна разьвіць таксама, як і кожную іншую частку нашага цела. Пры гэтым цікава адзначыць, што такая сіла мазгоў зусім не адпавядае сіле розуму. Такі «усясільны» факір часам бывае дурнейшы за цёмнага чалавека. Падобным-жа практыкаваньнем можна было-б разьвіць, напр., вялізную галаву і моцны («мядзяны») лоб, але не разьвіць розуму.

А ўсе іхныя «цуды» да гэтага часу не далі чалавецтву ані каліва карысьці. Нават на сваёй радзіме, Індыі, факіры не змаглі «напусьціць туману» ў вочы ангельцам, каб пазбавіцца іх. Тыя сядзяць сабе на карку 300 мільённага народу і бяз усякіх цудаў спакойна ссуць з яго сок. Нічога добрага не далі яны і акаляючай іх галоце, якая корміць іх сваёй апошняй жменяй рысу.

Але ва ўсякім разе, пакуль мы добра ня ведаем іх спосабаў самавыхаваньня, факіры могуць зрабіць на нас вялікае ўражаньне. Таксама, як і тыя штукары, якія могуць праглынуць адразу два вядры вады з рыбамі і жабамі, а потым выпусьціць гэта назад. Розьніца паміж імі будзе толькі тая, што першы разьвіў свае мазгі, а другі — вантробы.

Ня ўсе факіры выхоўваюць сябе так, як сусед Піпа. Іншыя стаяць падняўшы уверх рукі ў працягу некалькіх год, іншыя столькі-ж часу вісяць на дрэве, другія стаяць на аднэй назе або закопваюць сябе па шыю ў зямлю, пакуль расьліны ня пусьцяць свае карэньні ў іх цела і г. д.

Піп досыць чуў пра факіраў, нават бачыў у цырку, але гэты сапраўдны факір, зрабіў на яго куды мацнейшае ўражаньне. Піп чакаў, што пры такіх «прыродных» абставінах адбудзецца нешта зусім асаблівае.

Урачыста павялі факіра да аўтара, дзе ён, як і папярэднія простыя людзі, працягнуў сваю руку. Відаць, трэба было пача-

 

93