— Пакладу яшчэ кніжкі і розную дробязь, тады ўсё будзе ў парадку! — сказаў я сам сабе і пачаў даставаць з паліцы кніжкі.
Чатыры кніжкі я лічыў настольнымі і ніколі зь імі не разлучаўся:
1) падручнік, як гаварыць мала і важка, 2) культура трох камераў цела, 3) як разьмяркоўваць свае функцыі і 4) падручнік па агульнаму кіраваньню.
Апрача гэтых кніжак я ўзяў яшчэ іншыя падручнікі ў розных галінах нашага жыцьця і «палітэканомію ў пытаньнях і адказах». Узяўшы апошнюю ў рукі, я задаў сабе некалькі пытаньняў і, зачыніўшы вочы, адказаў на іх.
Паверх кніжак я паклаў яшчэ складаны зэдлік і столік і ўсё гэта ўціснуў вяроўкамі. Ад натугі засопся і сеў на лаву.
— Сапрон, ідзі палуднаваць! — клікнула маці бацьку.
Елі моўчкі. Мне хацелася распачаць спрэчкі, але матка, як відаць, сваячасова мірганула бацьку і дала яму дырэктывы маўчаць.
Як падмацаваліся, матка, прыбіраючы стол, запыталася ў бацькі:
— Паедзеш ты ці не? Калі думаеш, дык трэба думаць. Каб ня было позна? Усёроўна трэба-ж ехаць!
— Каму трэба, няхай едзе! Няхай ідзе ды сам запрагае.
— I пайду! Запрэгчы нядоўга — сказаў я і вышаў на двор. Але ня ведаў я ўсіх тонкасьцяй бацькавага рамяства і развучыўся вазёкацца. На вучоныя лез! Доўга я марудзіў, шукаючы даўно знойдзеныя Амэрыкі. То гужы кароткія, то кляшчы ня сходзяцца, то яшчэ якая хвароба. Нават не з таго боку пачаў дугу ўстаўляць.
Вышаў з хаты бацька і з пагардай глядзеў на мае апэрацыі.
— Куды ты сунеш? Ня гэтак! У другую дзірку! Мацней нацягвай! Нагою ўпірайся!
Бацька злосна плюнуў, падышоў да кабылы і перарабіў ўсё па-свойму.
— Гэта табе ня рэзалюцыі выносіць! — закончыў ён і пашоў у хату.
На разьвітаньне із мною прышлі з поля мае сёстры. Яны мяне вельмі паважалі, глядзелі на мяне, як на вялікую