сымпатыі і спагаднасьць і потым ужо дабівацца практычных вынікаў у гэтым кірунку.
Я ляжу на ложку, ня хочацца паварушыцца. Прыслухоўваюся да сваіх палкіх мараў, якія сваім зьместам маюць выключна яе, непараўнальную Крэйну. О, што-б сказала мая маці, каб даведалася, як Крэйначка закруціла галаву яе сыну? Што схажа маці, калі сын ажэніцца з Крэйнай? А бацька?..
Думаючы над гэтым, чую, што ў суседні пакой увайшла перапішчыца выканкому Зоя Люсарэнка. Я пазнаю яе па голасе, мэлёдычным, як у жалейкі. Яна таварышка з Крэйнай.
Зоя квола, паветрава, як птушачка, лётае і пяе. Здаецца, падзьме вецярок — і дзяўчыны няма.
Учора я гаварыў з судзьдзёю пра мясцовых дзяўчат. Судзьдзя — той самы філёзаф Торба, аб якім я пісаў раней. Дык ён сказаў мне наконт Зоі:
— Аднаднёўка, міраж. Няма мяса, няма фізіялягічнай базы. Дакранешся, сарвеш кветку і нічога больш няма!
Сьмешны судзьдзя чалавек!
Зоя гаворыць, а мне чутна кажнае яе слова:
— Я за табою. Ужо 9-ая гадзіна, а ты і ня думаеш.
— Пачакай! Куды ляціш, як на пажар?.. Лепш скажы, дзе ты ўчора была, чаму на сход не зьявілася? — пытаецца Крэйна.
— Шкулік прычапіўся, і мы разам пашлі ў рабочы клюб на лекцыю.
— Лекцыю? Якую?
— Ат! Нічога цікавага! Зьбілі лектэра з панталыку… Я дрбра і ня чула, што гаварылі… Падсеў да мяне гэты чорт тэлефаністы Сьвердзалюк, ды глупства рабіў… Ой, Крэйначка, чаго толькі ня вёрз ён! Вось яшчэ чапяла чортава! Да душы кажу, у другі раз не сьцярплю!.. А ўчора неяк нялоўка было цыкнуць на яго, ды вархал узьняць… У другі раз пры людзях абсаромлю. Знайшоў цацку, дурыла!
— Але-ж, скажы, пра што гаварылі хоць?
— А добра і ня ведаю. Нешта гаварыў пра наша мястэчка, як жылося тут даўно, даўно, тады, калі людзі рыбінымі іголкамі шылі ды ў скурах зьвярыных хадзілі… Пасьля быў тут нейкі князь Баболя, які катаваў людзей за