Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/69

Старонка праверана
— 65 —

ЗЬЯВА 2-я

Корыфэй

Ўладар, пашоў ён хутка, раззлаваны.
Гнеў юнакоў такіх бывае небясьпечны.

Крэонт

Няхай! Няхай сябе ён лічыць больш за чалавека,
Ад сьмерці ўсё-ткі ён ня збавіць іх.

Корыфэй

Няўжо ты думаеш забіць дзяўчын абедзьвюх?

Крэонт

Не, не! Ты кажаш добра. Ту, якая трупа
Не датыкалася, ня буду я караць.

Корыфэй

Якім-жа чынам хочаш ты яе забіць?

Крэонт

Я павяду яе глухою сьцежкай,
Ў пячоры камяністай я яе схаваю,
Харчоў ёй дам крыху, каб ня было граха,
Каб горад наш забойства не зрабіў.
Няхай там моліцца Гадэсу,—аднаго