Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

— Магчыма вы і не ведаеце, — працягваў ён, гойдаючыся на абодвух нагах: — у мяне там мужыкі на аброку. Канстытуцыя, — што будзеш рабіць? Аднак, аброк мне плацяць акуратна. Я-бы іх, прызнацца, даўно на паншчыну ссадзіў, ды зямлі мала! Я і так дзіўлюся, як яны канцы з канцамі зводзяць. Між іншым, c‘est leur affaire[1]. Бурмістр у мяне там — малайчына, une forte tête[2], дзяржаўны чалавек! Вы ўбачыце… Як, дарэчы, гэта добра прышлося!

Рабіць было нечага. Замест дзевяці гадзін раніцы мы выехалі а другой. Паляўнічыя зразумеюць маю нецярплівасць. Аркадзій Паўлыч любіў, як ён казаў, пры выпадку пабалаваць сябе і набраў з сабой такую безліч бялізны, запасаў, пітва, духоў, падушак і розных несесераў, што іншаму беражліваму і з розумам немцу хапіла-б усёй гэтай раскошы на год. Кожны раз, спускаючыся з гары, Аркадзій Паўлыч трымаў кароткую, але моцную прамову перад кучарам, што ўпэўніла мяне ў тым, што мой знаёмы добры трус. Між іншым падарожжа адбылося вельмі добра, толькі на адным нядаўна адрамантаваным мосціку цялега з поварам перакулілася, і заднім колам яму прыціснула страўнік.

  1. Гэта іх справа.
  2. Разумная галава.