Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

засароміўся і таксама пабег. Хата бурмістра стаяла ўбаку ад іншых, сярод густога зялёнага канапляніка. Мы спыніліся перад брамай. Пан Пеначкін устаў, жывапісна скінуў з сябе плашч і вышаў з каляскі, ветліва азіраючыся навакол. Бурмістрава жонка сустрэла нас з нізкімі паклонамі і падышла да ручкі барына. Аркадзій Паўлыч даў ёй нацалавацца ўволю і ўзышоў на ганак. У сенцах, у цёмным кутку, стаяла старасціха і таксама пакланілася, але да рукі падыйсці не адважылася. У так званай халоднай хаце — з сенцаў направа — ужо мітусіліся дзве другія бабы; яны выносілі адтуль усякую дрэнь, пустыя збаны, здзервянелыя тулупы, масляныя гаршкі, калыску з кучай анучаў і стракатым дзіцём, падмяталі баннымі венікамі смецце. Аркадзій Паўлыч пагнаў іх вон і размясціўся на лаўцы пад абразамі. Фурманы пачалі ўносіць куфры, ларцы і іншыя рэчы, стараючыся як можна цішэй стукаць сваімі цяжкімі ботамі.

Між тым Аркадзій Паўлыч распытваў старасту пра ўраджай, сяўбу і пра іншыя гаспадарчыя прадметы. Стараста адказваў здавальняюча, але неяк млява і нялоўка, нібы замарожанымі пальцамі кафтан зашпільваў. Ён стаяў ля дзвярэй і ўвесь час настарожваўся і азіраўся, даючы дарогу спрытнаму камердынеру. З-за яго магут-