Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Паўлыч загадаў са стала прыбраць і сена прынесці. Камердынер пасцяліў нам простыні, расклаў падушкі; мы ляглі. Сафрон пайшоў да сябе, атрымаўшы загад на наступны дзень. Аркадзій Паўлыч, засынаючы, яшчэ пабалакаў крыху аб добрых якасцях рускага мужыка і тут-жа заўважыў мне, што, з часу кіраўніцтва Сафрона, за шыпілаўскімі сялянамі не водзіцца ні граша нядоімкі… Вартаўнік застукаў у дошку, дзіцё, якое яшчэ не паспела пранікнуцца пачуццем належнай самаадданасці, запішчала недзе ў хаце… Мы заснулі.

На другі дзень мы ўсталі даволі рана. Я быў ужо сабраўся ехаць у Рабава, але Аркадзій Паўлыч хацеў паказаць мне свой маёнтак і ўпрасіў мяне астацца. Я і сам не меў нічога супроць упэўніцца на справе ў добрых якасцях дзяржаўнага чалавека — Сафрона. З‘явіўся бурмістр. На ім быў сіні армяк, падпяразаны чырвоным кушаком. Гаварыў ён значна менш учарайшага, глядзеў пільна і ўважліва ў вочы пану, адказваў складна і дзельна. Мы разам з ім накіраваліся на гумно. Сафронаў сын, трохаршыновы стараста, па ўсіх адзнаках чалавек вельмі дурны, таксама пайшоў за намі, ды яшчэ далучыўся да нас земскі Федасеіч, адстаўны салдат з велізарнымі вусамі і з пэўным дзіўным выразам твару,