Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

— Ды я магу вас, калі хочаце, прывесці ў сваю хату, — коратка праказаў ён.

— Зрабі ласку.

— Прашу сядзець.

Ён падышоў да галавы каня, узяў яго за вуздэчку і зрушыў з месца. Мы паехалі. Я трымаўся за падушку дрожак, якія гойдаліся, „як у моры човен“, і клікаў сабаку. Бедная. мая кабыла цяжка хлюпала нагамі па гразі, слізгалася, аступалася; ляснік пакачваўся перад аглаблямі ўправа і ўлева, нібы здань. Мы ехалі даволі доўга; нарэшце мой праваднік спыніўся. — „Вось мы і дома, барын“, — праказаў ён спакойным голасам. — Калітка зарыпела, некалькі шчанятак дружна забрахалі. Я прыўзняў галаву і, пры святле маланкі, ўбачыў невялікую халупку сярод прасторнага двара, які абнесен быў частаколам. З аднаго акенца цмяна блішчэў аганёк. Ляснік падвёў каня да ганку і пастукаў у дзверы. — „Січас, січас“, — адказаў тоненькі галасок, пачуўся тупат босых ног, засаўка зарыпела, і дзяўчынка год дванаццаці, у кашульцы, падпяразанай пад кромкай, з ліхтаром у руцэ, паказалася на дарозе.

— Пасвяці барыну, — сказаў ён ёй: — а я вашы дрожкі пад паветку пастаўлю.

Дзеўчына глянула на мяне і пайшла ў хату. Я пайшоў услед за ёй.