Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

разгойдвала яна калыску, боязна насоўвала на плячо кашулю; яе голыя ногі віселі, не кратаючыся.

— Як цябе завуць? — спытаў я.

— Улітай, — праказала яна, яшчэ больш панурыўшы свой засмучаны твар.

Ляснік увайшоў і сеў на лаўку.

— Навальніца сціхае, — заўважыў ён, крыху памаўчаўшы: — калі загадаеце, я вас з лесу праводжу.

Я ўстаў. Бірук узяў стрэльбу і агледзеў паліцу.

— Гэта навошта? — спытаў я.

— А ў лесе сваволяць… Ля Кабылляга Верху[1] дрэва сякуць, — дадаў ён у адказ на мой запытальны погляд.

— Няўжо адгэтуль чутно?

— На дварэ чуваць.

Мы вышлі разам. Дожджык сціх. Далёка яшчэ тоўпіліся цяжкія грамады хмар, час ад часу ўспыхвала маланка, але над нашымі галовамі ўжо дзе-ні-дзе прабівалася цёмнасіняе неба, зорачкі праглядвалі праз рэдкія, быстра ляцеўшыя воблакі. Абрысы дрэў, апырсканых дажджом і ўсхваляваных ветрам, пачыналі вырысоўвацца з цемры.

  1. „Верхам“ называецца ў Орлоўскай губерні аўраг. (Заўвага аутара.)