Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

галаву на стол. Дожджык усё не сціхаў. Я чакаў, што будзе.

Мужык раптам выпрастаўся. Вочы ў яго заблішчэлі, твар пачырванеў. „Ну, на, еш, на ўдавіся, на“, — пачаў ён, прыжмурыўшы вочы і апусціўшы вуглы вуснаў: — „на, душагуб пракляты, пі хрысціянскую кроў, пі…“

Ляснік павярнуўся.

— Табе кажу, табе, азіят, крывасмок, табе!

— П‘яны ты, ці што, чаго надумаўся лаяцца? — здзіўлена загаварыў ляснік. — Звар‘яцеў, ці што?

— П‘яны!.. ці не на твае грошы, душагуб пракляты, звер, звер, звер!

— Ах ты… ды я табе!

— А мне што? Усё адно — гінуць; куды я без каня кінуся? Прыдушы — адзін канец; што з голаду, што так — усё адно. Згінь усё: жонка, дзеці, — здыхай усё… А да цябе, пачакай, дабярэмся!

Бірук прыўзняўся.

— Бі, бі, — крычаў мужык жорсткім голасам: — бі, на, на, бі… (Дзяўчынка хуценька ўскочыла з падлогі і ўставілася на яго.) Бі! бі!

— Маўчаць! — загрымеў ляснік і зрабіў два шагі да яго.

— Даволі, даволі, Фама, — закрычаў я: — пакінь яго… бог з ім.