Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

— Не буду больш маўчаць я, — гаварыў няшчасны. — Усёадно — здыхаць-жа. Душагуб ты, звер, пагібелі на цябе няма… Ды пачакай, нядоўга табе ганарыцца! Зацягнуць табе глотку, пачакай!

Бірук схапіў яго за плячо… Я кінуўся на дапамогу мужыку…

— Не чапайце, барын! — крыкнуў мне ляснік.

Я не спалохаўся-б яго пагрозы і ўжо працягнуў руку, але, што мяне вельмі здзівіла, ён імгненна сарваў з рук мужыка рэмень, схапіў яго за каўнер, насунуў яму на вочы шапку, адчыніў дзверы і выштурхнуў яго вон.

— Пайшоў ты прэч з сваім канём! — закрычаў ён яму ўслед: — ды глядзі, у другі раз у мяне…

Ён вярнуўся ў хату і пачаў корпацца ў кутку.

— Ну, Бірук, — праказаў я, нарэшце: — здзівіў ты мяне: ты, бачу я, слаўны чалавек.

— Э, ды што там, барын, — спыніў ён мяне з крыўдай у голасе: — толькі ўжо, будзьце ласкавы, не кажыце нікому. Ды ўжо я лепш вас праваджу, — дадаў ён: — відаць, дожджыка-ж вам не перачакаць…

На дварэ загрукацелі колы мужыцкай цялегі.

— Бач, паплёўся! — прамармытаў ён: — ды я яго!..

Праз поўгадзіны ён развітаўся са мной на ўскрайку лесу.