Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

сілія Сямёныча. Яна такі доўга намі валодала… годзікаў дваццаць.

— Што-ж ты і ў яе быў поварам?

— Спачатку так, быў поварам, а то і ў кафішэнкі трапіў.

— Куды?

— У кафішэнкі.

— Гэта што за пасада такая?

— А не ведаю, бацюхна. Пры буфеце састаяў і Антонам называўся, а не Кузьмой. Так барыня загадаць вялела!

— Тваё сапраўднае імя Кузьма?

— Кузьма.

— І ты ўвесь час быў кафішэнкам?

— Не, не ўвесь час; быў і ахцёрам.

— Няўжо?

— Як-жа, быў… на кеятры граў. Барыня наша кеятр у сябе зрабіла.

— Якія-ж ты ролі займаў?

— Што вы гаворыце?

— Што ты рабіў на тэатры?

— А вы не ведаеце? Вось мяне возьмуць і прыбяруць; я так і хаджу прыбраны, або стаю, ці сяджу, як там давядзецца. Гавораць: вось што кажы, — я і гавару. Аднаго разу сляпым прымусілі быць. Пад кожнае павека мне па гарошыне паклалі… як-жа!