Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, — праказаў я: — бачыў ты, Кузьма, розныя віды на сваім вяку! Што-ж ты цяпер у рыбаловах робіш, калі ў вас рыбы няма?

— А я, бацюхна, не скарджуся. І дзякуй богу, што рыбаловам зрабілі. А то вось другога, такога-ж, як я, старога — Андрэя Пупыра — у папяровую фабрыку, у чарпальную, барыня загадала паставіць. Грэх, кажа, дарэмна хлеб есці… А Пупыр-жа яшчэ на літасць спадзяваўся: у яго стрыечны пляменнік у барскай канторы сядзіць канторшчыкам: далажыць абяцаў пра яго барыні, напомніць. Вось табе і напомніў!.. А Пупыр у маіх вачах пляменніку-ж у ножкі кланяўся.

— Ёсць у цябе сям‘я? Быў жанаты?

— Не, бацюхна, не быў. Тацяна Васільеўна нябожцыца — царства ёй нябеснае! — нікому не дазваляла жаніцца. Барані божа! Бывала, гаворыць: жыву-ж я так, у дзеўках, што за свавольства! чаго ім трэба?

— Чым-жа ты жывеш цяпер? Пенсію атрымліваеш?

— Якую, бацюхна, пенсію!.. Харч выдаецца — і за гэта дзякуй табе, госпадзі! Вельмі задаволены. Дай божа доўгага жыцця нашай пані!

Ермалай вярнуўся.