Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

ханыя нашым нечаканым паяўленнем у іх уладаннях, стрэлы дружна чуліся ўслед за імі, і весела было бачыць, як гэтыя куртатыя птушкі перакульваліся ў паветры, цяжка хлюпаючы аб ваду. Усіх падстрэленых качак мы, безумоўна, не дасталі: лёгка параненыя ныралі; іншыя, забітыя напавал, падалі ў такі густы аір, што нават рысіныя вочы Ермалая не маглі адшукаць іх; але ўсё-ж такі к абеду лодка наша праз край напоўнілася дзічынай.

Владзімір, што вельмі спадабалася Ермалаю, страляў зусім не так ужо добра і пасля кожнага няўдалага стрэлу здзіўляўся, аглядаў і прадуваў стрэльбу, не разумеючы ў чым справа і, нарэшце, выкладаў нам прычыну, чаму ён не папаў. Ермалай страляў як заўсёды, пераможна, я — досыць дрэнна, як звычайна. Сучок паглядаў на нас вачыма чалавека, змоладу састаяўшага на барскай службе, зрэдку крычаў: „вунь, вунь яшчэ качачка!“ — і ўвесь час чухаў спіну — не рукамі, а прыведзенымі ў рух плячыма. Надвор‘е было добрае: белыя, круглыя воблакі высока і ціха плылі над намі, ясна адлюстроўваючыся ў вадзе; чарот гаманіў навокал; пруд месцамі, нібы сталь, блішчэў на сонцы. Мы збіраліся вярнуцца ў сяло, як раптам з намі вышла досыць непрыемнае здарэнне.