Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

абавязкова павінен быць брод, — узяў у Сучка шост і накіраваўся ў напрамку берагу, асцярожна шукаючы дна.

— Ды ці ўмееш ты плаваць? — спытаў я яго.

— Не, не ўмею, — пачуўся яго голас з-за чаротаў.

— Ну, дык утопіцца, — спакойна заўважыў Сучок, які і раней спалохаўся не небяспекі, а нашага гневу, і цяпер, зусім заспакоены, толькі зрэдку аддуваўся і, здавалася, не адчуваў ніякай патрэбы змяніць сваё становішча.

— І без усякай карысці загіне ён, — жаласна дадаў Владзімір.

Ермалая небыло больш за гадзіну. Гэтая гадзіна нам здалася вечнасцю. Спачатку мы пераклікаліся з ім вельмі старанна; потым ён пачаў радзей адказваць на нашы выгукі, нарэшце змоўк зусім. У сяле зазванілі да вячэрні. Між сабой мы не размаўлялі, нават стараліся не глядзець адзін на другога. Качкі насіліся над нашымі галовамі; іншыя наважваліся сесці каля нас, але раптам падымаліся ўверх, як кажуць, „колам“, і з крыкам уляталі. Мы пачыналі касцянець. Сучок хлопаў вачыма, нібы спаць збіраўся.

Нарэшце, к нечаканай для нас радасці, Ермалай вярнуўся.

— Ну, што?