Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

раз загаварваў са мною, прыслугоўваў мне, не трацячы павагі да сябе; але за барынам наглядаў, як за дзіцём. Калі нясцерпная паўднёвая спякота прымусіла нас шукаць прытулку, ён завёў нас на сваю пасеку, у самы гушчар лесу. Каліныч адчыніў нам халупку, завешаную пучкамі сухіх пахучых траў, улажыў нас на свежым сене, а сам надзеў на галаву штосьці накшталт мяшка з сеткай, узяў нож, гаршчок і галавешку і накіраваўся на пасеку выразаць нам сотаў. Мы запілі чысты, як шкло, цёплы мёд крынічнай вадой і заснулі пад аднастайнае гудзенне пчол і лапатлівае шалясценне лісцяў. Лёгкі парыў вецерка разбудзіў мяне… Я расплюшчыў вочы і ўбачыў Каліныча: ён сядзеў на парозе на палову адчыненых дзвярэй і нажом вырэзваў лыжку. Я доўга любаваўся яго тварам, прыемным і ясным, як вячэрняе неба. Пан Палутыкін таксама праснуўся. Мы не адразу ўсталі. Прыемна пасля доўгай хады і глыбокага сну ляжаць нерухома на сене: цела нежыцца і робіцца млявым, лёгкім жарам пылае твар, салодкая стома прыплюшчвае вочы. Нарэшце, мы ўсталі і зноў пайшлі блукаць да вечара. У часе вячэры я загаварыў зноў пра Хора і Каліныча. „Каліныч — добры мужык“, — сказаў мне пан Палутыкін: — „старанны і прыслужлівы мужык; гаспадарку ў спраўнасці аднак тры-