Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

маць не можа: я яму ўсё перашкаджаю. Кожны дзень са мной на паляванне ходзіць… Якая тут гаспадарка, — памяркуйце самі“. — Я з ім згадзіўся і мы ляглі спаць.

На другі дзень пан Палутыкін прымушан быў паехаць у горад па справе з суседам Пічуковым. Сусед Пічукоў заараў у яго зямлю і на заворанай зямлі адлупцаваў яго-ж бабу. На паляванне паехаў я адзін і надвечар зайшоў да Хора. На парозе хаты сустрэў мяне стары — лысы, нізкага росту, плячысты і каранасты — сам Хор. Я з цікавасцю паглядзеў на гэтага Хора. Склад яго твара нагадваў Сакрата: гэткі-ж высокі, шышкаваты лоб, гэтакія-ж маленькія вочкі, гэткі-ж курносы нос. Мы ўвайшлі разам у хату. Той-жа Федзя прынёс мне малака з чорным хлебам. Хор прысеў на лаўку і, спакойна пагладжваючы сваю кучаравую бараду, распачаў са мною гутарку. Ён, здавалася, адчуваў павагу да сябе, гаварыў і рухаўся павольна, зрэдку пасмейваўся з-пад доўгіх сваіх вусоў.

Мы з ім гаварылі пра пасеў, пра ўраджай, пра сялянскі быт… Ён са мной нібы згаджаўся; толькі потым мне рабілася сорамна, і я адчуваў, што гавару не тое… Так яно неяк дзіўна выходзіла. Хор выказваўся іншы раз мудра, мабыць асцерагаўся… Вось вам узор нашай гутаркі: