Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

лас: — каляскі мне не трэба; я заўтра каля тваёй сядзібы пахаджу і, калі дазволіш, астануся начаваць у цябе ў пуні.

— З прыемнасцю просім. Ды ці спакойна табе будзе ў пуні? Я загадаю бабам паслаць табе простыню і пакласці падушку. — Гэй, бабы! — выгукнуў ён, падымаючыся з месца: — сюды, бабы!.. А ты, Федзя, хадзі з імі. Бабы — народ неразумны.

Праз чвэртку гадзіны Федзя з ліхтаром праводзіў мяне ў пуню. Я кінуўся на пахучае сена, сабака лёг у мяне ў нагах; Федзя пажадаў мне добрай ночы, дзверы зарыпелі і зачыніліся. Я досыць доўга не мог заснуць. Карова падышла да дзвярэй, шумна дыхнула разы два; сабака важна на яе забурчэў; свіння прайшла міма, задумліва хрукаючы; конь недзе блізка пачаў жаваць сена і фыркаць… Я нарэшце задрамаў.

На золаку Федзя разбудзіў мяне. Гэты вясёлы жвавы хлапец вельмі мне падабаўся; ды і на колькі я мог заўважыць, у старога Хора ён таксама быў любімцам. Яны абодва вельмі ласкава адзін з другога кпілі. Стары вышаў мне насустрач. Ці ад таго, што я пераначаваў у яго, ці з якой іншай прычыны, толькі Хор значна ласкавей, чым учора, абышоўся са мной.

— Самавар для цябе гатоў, — сказаў ён мне з усмешкай: — пойдзем чай піць.