Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

Мы ўселіся за стол. Здаровая баба, адна з яго нявестак, прынесла гаршчок з малаком. Усе яго сыны па чарзе ўваходзілі ў хату. — „Што ў цябе за рослы народ!“ — заўважыў я старому.

— Так, — прамовіў ён, адкусваючы малюсенькі кавалачак цукру: — на мяне, ды на маю старую скардзіцца, здаецца, ім няма чаго.

— І ўсе з табой жывуць?

— Усе. Самі хочуць, так і жывуць.

— І ўсе жанатыя?

— Вунь адзін, свавольнік, не жэніцца, — адказваў ён, паказваючы на Федзю, які па-ранейшаму стаяў прытуліўшыся да дзвярэй. — Васька, той яшчэ малады, яму пачакаць можна.

— А чаго мне жаніцца? — засупярэчыў Федзя: мне і так добра. Навошта мне жонка? Сварыцца з ёй, ці што?

— Ну, ужо ты… я цябе знаю! — пярсцёнкі срэбныя носіш… Табе-б усё з дваровымі дзеўкамі нюхацца… „Ну, ну, сораму на вас няма!“ — працягваў стары, перадражніваючы пакаёвак. — Ужо я цябе добра ведаю, беларучка ты гэткі!

— А што-ж у бабы ёсць добрага?

— Баба — работніца, — сур‘ёзна заўважыў Хор. — Баба мужыку слуга.

— Ды навошта мне работніца?